Мінск 01:10

Прыгавор экс-кіраўніку Intex-Press Янукевічу пакінуты без зменаў, яго калегу Пакаленку — зменшаны на год

Андрэй Пакаленка і Уладзімір Янукевіч (злева направа)
Калаж: БАЖ

9 чэрвеня, Позірк. Прыгавор былому кіраўніку баранавіцкай незалежнай газеты Intex-Press Уладзіміру Янукевічу — 14 гадоў пазбаўлення волі — пакінуты без змяненняў, яго калегу Андрэю Пакаленку зменшаны з 12 да 11 гадоў.

Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), такое рашэнне 8 чэрвеня прыняла калегія Вярхоўнага суда па выніках разгляду іх апеляцыйных скаргаў. Слуханні доўжыліся два дні.

Брэсцкі абласны суд вынес прыгавор Янукевічу і Пакаленку 26 лютага 2026 года. Апрача зняволення мужчынам прызначаныя штрафы: першаму — 3.000 базавых велічынь (135 тыс. рублёў), другому — 1.000 б.в. (45 тыс.). БАЖ паведамляў, што абодвум інкрымінавалася “здрада дзяржаве” (арт. 356 КК).

БАЖ таксама заяўляў, што “ёсць інфармацыя аб велізарным агульным спагнанні ў памеры каля 200 тыс. рублёў”.

Янукевічу 65 гадоў. Ён быў дырэктарам і галоўным рэдактарам рэгіянальнай газеты Intex-Press. 44-гадовы Пакаленка працаваў у выданні намеснікам дырэктара па развіцці. Пасля ліквідацыі газеты ўладамі медыяменеджары стварылі навінавы рэгіянальны партал bar24.by.

Сайт bar24.by апошні раз абнаўляўся 8 снежня 2024 года. 13 студзеня 2025-га ён перастаў адкрывацца. Незалежныя баранавіцкія журналісты церпяць пераслед з 2020 года.

Сёлета у сакавіку Янукевіча і Пакаленку прызналі палітзняволенымі.

Паводле даных БАЖ, зараз ў няволі 21 прадстаўнік СМІ.

Падзяліцца: