Той, хто ўдарыў па аўтобусе ў Бранскай вобласці РФ, спрабаваў сутыкнуць Беларусь з Украінай — Вальфовіч

22 чэрвеня, Позірк. Той, хто ўдарыў у Бранскай вобласці Расіі па аўтобусе з беларускімі дзецьмі, “спрабаваў стварыць падставу для таго, каб сутыкнуць Беларусь з Украінай, справакаваць нейкую нядобрую сітуацыю”, заявіў 22 чэрвеня дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч.
“Усё адно, чый гэта аўтобус — беларускі, расійскі або нейкай іншай дзяржавы. Гэта аўтобус з мірнымі жыхарамі”, — цытуе чыноўніка прэс-служба Міністэрства абароны.
Паводле яго слоў, Аляксандр Лукашэнка трымае сітуацыю на кантролі. “Ён аддаў адпаведныя даручэнні, — падкрэсліў дзяржсакратар Савета бяспекі. — Нашы спецслужбы, Следчы камітэт праводзяць самае пільнае расследаванне. Усе факты будуць прааналізаваныя”.
Вальфовіч сцвярджае, што ўжо апытаныя ўсе сведкі і пасажыры аўтобуса, таму “маюцца ўжо пэўныя, скажам так, моманты, пра якія будзе паведамлена кіраўніку дзяржавы”.
“Рашэнне будзе прынятае. Але ўцягнуць Беларусь у канфлікт не атрымаецца. Мы за мір, разважлівасць, за вырашэнне ўсіх пытанняў дыпламатычным шляхам”, — сказаў спікер.
22 чэрвеня, у 85-ю гадавіну нападу нацысцкай Германіі на СССР, дзяржсакратар Савета бяспекі заявіў, што сёння міжнародная абстаноўка “разагрэтая максімальна”. Традыцыйна прадстаўнік беларускага рэжыму абвінаваціў у гэтым “еўрапейскіх кіраўнікоў”, якія “не робяць высноў”. Тое, што “адбываецца на тэрыторыі Украіны, сведчыць акурат пра гэта”, сказаў Вальфовіч.
Паводле яго слоў, “замест таго, каб зрабіць усё магчымае і спыніць канфлікт ва Украіне, яны падліваюць алей ў агонь, забяспечваюць Украіну тэхнікай, боепрыпасамі і штурхаюць кіраўніцтва Украіны на працяг кровапраліцця. Гэта неадкладна трэба спыніць”. Пры гэтым чыноўнік не згадаў, што Украіна ёсць дзяржавай, якая абараняецца, супраць якой у лютым 2022 года пачала поўнамаштабную вайну Расія — саюзніца рэжыму ў Менску.
“Беларусь — за мір, за добрасуседскія стасункі, за вырашэнне ўсіх пытанняў выключна дыпламатычным шляхам. І мы пра гэта кажам нашым і заходнім суседзям, і паўднёвым суседзям, і гатовыя зрабіць для гэтага ўсё магчымае”, — сцвярджае Вальфовіч.
Дзяржсакратар Савета бяспекі змаўчаў, што вайна ва Украіне пачалася ў тым ліку з беларускай тэрыторыі, што Мінск надаваў Маскве не толькі медыцынскую, але і вайсковую дапамогу — у выглядзе ўзбраення, а таксама тое, што на беларуска-ўкраінскай мяжы, як сцвярджае Кіеў, усталяваныя рэтранслятары, якія дазваляюць расійскім дронам атакаваць украінцаў.
17 чэрвеня аўтобус з выхаванцамі рэчыцкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы № 2 (Гомельская вобласць) трапіў пад удар у Бранскай вобласці РФ. У транспартным сродку, які накіроўваўся з Рэчыцы ў Геленджык, знаходзілася 44 пасажыры, з іх 28 дзяцей-спартсменаў 2014–2015 гадоў нараджэння. Там жа былі ўдзельнікі мясцовай танцавальнай студыі.
Першапачаткова заяўлялася, што пацярпела восем чалавек, у тым ліку шасцёра дзяцей. Пазней МЗС Беларусі ўдакладніла, што пацярпелых шэсць (пяць — дзеці). Іх шпіталізавалі ў бальніцы Бранскай вобласці (аднаму дзіцяці зробленая аперацыя). 18 чэрвеня пецярых дзяцей і аднаго дарослага з расійскіх бальніц перавезлі ў медустановы Мінска. Астатнія вярнуліся ў Рэчыцу ўвечары 17 чэрвеня.
Сярод тых, хто суправаджаў дзяцей, была жонка трэнера з Рэчыцкай ДЮСШ-2 Вікторыя Гарошка, яна загінула.
Расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады ды прапаганда адразу абвінавацілі Украіну ў тым, што здарылася.
У дзень інцыдэнту Генеральны штаб Узброеных сіл Украіны заявіў, што ўкраінскі бок не датычны да ўдару па аўтобусе. Абвінавачанні ў гэтым спікер Генштаба Андрэй Кавалёў назваў “чарговай інфармацыйнай правакацыяй Крамля”. Вайсковае камандаванне заявіла таксама, што ў акрэслены перыяд Сілы абароны Украіны не выкарыстоўвалі беспілотныя лятучыя апараты па цэлях на тэрыторыі Бранскай вобласці.
Упаўнаважаны Вярхоўнай рады па правах чалавека Дзмітрый Лубінец “тэрмінова звязаўся” з беларускім бокам і выказаў жаданне далучыцца да “празрыстага і бесстаронняга ўстанаўлення ўсіх фактаў і абставін гэтага здарэння”. Ці адказаў Мінск на ягоны зварот, невядома, але з заяў чыноўнікаў і ведамстваў вынікае, што ў сітуацыі “разбіраюцца” толькі прадстаўнікі Беларусі і РФ.
Лукашэнка 18 чэрвеня заявіў, што ў аўтобус з беларускімі дзецьмі трапіў менавіта ўкраінскі дрон: “Мы не спяшаемся рабіць нейкія высновы, але мы дакладна канстатуем факт, што гэта беспілотнік украінскага паходжання”.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі, каментуючы 19 чэрвеня гэту сітуацыю, адзначыў наступнае: “Усе ўжо прызналі, і міжнародныя эксперты, і мне здаецца, што таксама і рускія прызнаюць або, скажам так, не адкрыта, што гэты ўдар быў не наш. Як гэта звязваць? Вельмі проста: рускія будуць рабіць шмат розных правакацый для таго, каб уцягнуць народ Беларусі ў гэту вайну”.
20 чэрвеня Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла, што пацярпелыя дзеці знаходзяцца ў “здавальняльным стане”. На наступны дзень ведамства заявіла, што “дзіця, дастаўленае ў Беларусь у цяжкім стане на штучнай вентыляцыі лёгкіх, апрытомнела і дыхае самастойна”, яно “застаецца ў аддзяленні рэанімацыі пад назіраннем спецыялістаў, разам з ім знаходзіцца маці”.
Усе аперацыі, паведаміла Мінздароўя, выконвала “мультыдысцыплінарная брыгада, якая аб’яднала дзіцячых хірургаў, сківічна-тварнага і ЛОР-хірурга, траўматолагаў, спецыяліста па хірургіі кісці і афтальмолага”. “Пасляаперацыйны перыяд пацыенты правядуць у цэнтры [дзіцячай хірургіі] выпіска будзе магчымая толькі пасля поўнага аднаўлення”, — заявіла ведамства.
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаАд пачатку года суседнія краіны ЕС зафіксавалі больш за 7 тыс. спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаУ студзені — траўні каля 45% усіх інвестыцый у асноўны капітал прыпала на прадпрыемствы Мінскай вобласці і сталіцы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- ГрамадстваУ Беларусі зафіксаваныя першыя тэмпературныя рэкорды лета-2026Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- ЭканомікаУ студзені — красавіку 2026 года Беларусь лідзіравала ў ЕАЭС толькі ў адным з сямі асноўных паказчыкаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка



