Лукашэнка: Стрымліванне цэн і інфляцыі застаецца за ўрадам

7 жніўня, Позірк. Стрымліванне цэн і інфляцыі “ў запланаваным калідоры” застаецца за ўрадам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 7 жніўня на нарадзе ў Вілейскім раёне (Мінская вобласць).
Раней паведамлялася, што спажывецкія цэны ў чэрвені 2026 года сталі большымі на 0,3%, у параўнанні са снежнем 2025-га — на 2,9%, у гадавым вымярэнні (да чэрвеня 2025-га) — на 4,3%.
Цяперашні паказчык інфляцыі Лукашэнка, як перадае яго прэс-служба, назваў “быццам бы нядрэнным”. Аднак, паводле яго слоў, “супакойвацца нельга — гэта ж рост“.
Ён адзначыў, што “па асобных таварах рост вышэйшы: на капусту (белакачанную свежую) з пачатку года цэны выраслі на 38%, цыбулю рэпчатую — на 24%, буракі — на 17%”.
Парушэнні дысцыпліны цэнаўтварэння, падкрэсліў Лукашэнка, “дапускаюцца паўсюдна, нават справы крымінальныя распачыналі”.
Гаворачы аб рашэнні ўрада аб скарачэнні пераліку рэгуляваных тавараў з 200 да 76 пазіцый (72 — харчовыя і чатыры — нехарчовыя), ён заявіў, што “трэба будзе паглядзець, як гэта спрацуе ў перспектыве“.
Асобна Лукашэнка закрануў пытанне аб выпрацоўцы “формулы справядлівай цаны”: “Механізм урадам так і не выпрацаваны. Першапачаткова прапаноўвалася весці маніторынг з дапамогай аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы “Аналіз цэн”. Я папярэджваў на пасяджэнні ўрада першага віцэ-прэм’ера [Мікалая Снапкова], што вы можаце ствараць якую заўгодна сістэму, але яна павінна даваць вынік. Цяпер як быццам яе прапануюць кансерваваць”.
Разважаючы пра сітуацыю на ўнутраным рынку, Лукашэнка падкрэсліў, што доля беларускай прадукцыі ў гэтым сегменце — “адзін з ключавых паказчыкаў эфектыўнасці гандлю”.
“І ўладальнікі сетак таксама нясуць адказнасць за фарміраванне попыту менавіта на карысць айчыннага. Але пакуль з гэтай задачай вы не спраўляецеся“, — сказаў прамоўца, дадаўшы, што адказнасць за гэта нясуць і кіраўнікі раёнаў.
“Доля айчыннай прадукцыі на прылаўках цяпер крыху больш за палову (54,6%). Але, будзем сумленныя, нават гэты невялікі рост — не паказчык поспехаў гандлю, а следства павелічэння продажаў аўтамабіляў нашай народнай маркі “БелДжы“. Гэта значыць не столькі гандаль добра спрацаваў, а дзяржава, якая дала людзям даступныя крэдыты“, — падкрэсліў Лукашэнка.
А вось продажы айчынных харчовых тавараў падаюць, дадаў ён, “на паўпрацэнта, але гэта тэндэнцыя“.
Паводле яго слоў, толькі за студзень — травень гэтага года ў Беларусь увезена спажывецкіх тавараў на 7,5 млрд долараў, што амаль на траціну больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
“Калі гандаль бачыць, што нейкіх тавараў не хапае, не маўчыце, працуйце з айчыннымі вытворцамі, інфармуйце адказных людзей і ўрад“, — заявіў Лукашэнка.
Сёлета, паскардзіўся ён, у Беларусь імпартавалі тое, што робяць айчынныя вытворцы. У прыватнасці, за пяць месяцаў у гадавым вымярэнні павялічылася доля імпарту халадзільнікаў і маразільнікаў (з 33% да 56%), гарсэтных вырабаў (з 55% да 62%), панчошна-шкарпэткавых вырабаў (з 15% да 17%), гадзіннікаў бытавых (з 39% да 46%).
“У справаздачах пішаце, што такая сітуацыя праз актыўнае развіццё інтэрнэт-гандлю, перш за ўсё маркетплейсаў. Але яны без дзяржпадтрымкі прырастаюць. А вы свой рынак губляеце! Дык бярыце з іх прыклад”, — заклікаў палітык.
Ён запатрабаваў ад урада, аблвыканкамаў, вытворцаў, кіраўнікоў гандлёвых прадпрыемстваў “звярнуць увагу на беларускія тавары, іх павінна быць дастаткова для задавальнення ўнутранага попыту”.
Памесячныя паказчыкі “дапушчальнага росту цэн” да канца 2026 года зацверджаныя пастановай МАРГ ад 30 снежня мінулага года № 84.
У студзені цэны не павінны былі вырасці больш чым на 0,7% да ўзроўню снежня 2025-га (фактычна +0,5%), у лютым (з нарастаючым вынікам) — не больш за 2% (+1%), сакавіку — 2,5% (+1,6%), красавіку — 3,1% (+2,5%), траўні — 3,4% (+2,6%), чэрвені — 3,8% (+2,9%).
Далей: ліпень — 4%, жнівень — 4,2%, верасень — 4,9%, кастрычнік — 5,5%, лістапад — 6,2%.
Летась інфляцыя склала 6,8%. Згодна з планамі ўладаў, цэны не павінны былі вырасці больш чым на 5%.
Доля продажу тавараў айчыннай вытворчасці ў аб’ектах гандлю Беларусі па выніках 2025 года склала 54,4%. Удзельная вага продажаў тавараў айчыннай вытворчасці ў рознічнай сетцы ў 2024 годзе склала 56,4% (у 2023-м — 59,5%, 2019-м — 61%). Такім чынам, цягам апошніх гадоў, нягледзячы на намаганні ўладаў, яна зніжаецца.
Гл. таксама:
Разагрэты даступнымі крэдытамі рынак новых аўтамабіляў Беларусі вырас у ліпені на 30% — БАА

- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУпершыню з вясны 2025 года мігранты штурмуюць беларуска-літоўскую мяжу 10 дзён запарМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 2–4 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваУ кожным восьмым транспартным сродку, які прайшоў тэхагляд, выяўленыя няспраўнасціМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць нелегальных мігрантаў на пачатку верасня ў 1,8 раза вышэйшая, чым на пачатку жніўняМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ЭканомікаСтрахавыя арганізацыі Беларусі за сем месяцаў 2026 года сабралі на 10,2% больш унёскаў, чым за той жа леташні перыядМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+


