З 2020 года праваабаронцы зафіксавалі ў Беларусі больш за 100 тыс. фактаў палітычнага пераследу

9 жніўня, Позірк. Больш за 100 тыс. фактаў палітычна матываванага пераследу зафіксаваў з 2020 года праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Як паведамляюць праваабаронцы, у гэтую статыстыку ўваходзяць затрыманні, арышты, ператрусы, допыты, прысуды па крымінальных справах, ціск на сваякоў і інш.
Статус палітычнага зняволенага атрымалі за гэты час 4.602 чалавекі. За апошнія 12 месяцаў — 538. На 9 жніўня 2026 года гэты статус маюць 879 чалавек.
“З 2020 года мінімум 10.016 чалавек сутыкнуліся з палітычна матываваным крымінальным пераследам і мінімум 8.670 чалавек былі асуджаныя, у тым ліку завочна. Толькі пасля 9 жніўня 2025 года вядома як мінімум пра 750 новыя палітычна матываваныя прысуды”, — гаворыцца ў справаздачы праваабарончага цэнтра.
Па палітычна матываваных крымінальных справах асуджана 2.089 жанчын — на 324 больш, чым год таму. “Сёння ў зняволенні знаходзяцца 120 жанчын, сярод якіх шматдзетныя маці, пенсіянеркі, жанчыны з сур’ёзнымі захворваннямі”, — адзначае “Вясна”.
Праваабаронцы адносяць да катэгорыі асаблівай рызыкі 178 палітвязняў. Удакладняецца, што гэта людзі з цяжкімі захворваннямі, непаўналетнія на момант інкрымінаваных ім дзеянняў, шматдзетныя, людзі ў цяжкіх сямейных абставінах, а таксама тыя, хто знаходзіцца на прымусовым псіхіятрычным лячэнні. “Сярод іх таксама палітвязні, якія ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада альбо не выходзяць на волю нават пасля заканчэння тэрміну пакарання”, — падкрэсліваецца ў справаздачы.
Паводле звестак праваабаронцаў, з 2024 года памілавана 886 палітвязняў. 205 з іх пасля вызвалення прымусова выслана з Беларусі.
Мінімум 3.982 чалавекі асуджаныя па крымінальных справах, звязаных з удзелам у паслявыбарчых акцыях пратэсту 2020 года. “Для тысяч беларусаў удзел у мірных акцыях стаў падставай для крымінальнага пераследу, зняволення або вымушанай эміграцыі”, — паведамляе “Вясна”.
За названы перыяд па палітычна матываваных крымінальных справах асуджана не менш за 115 замежных грамадзян.
Вядома аб 225 прысудах, вынесеных завочна ў парадку спецвытворчасці.
Пры гэтым праваабаронцамі не зафіксавана ніводнай крымінальнай справы супраць “прадстаўнікоў сілавых структур за катаванні, жорсткае абыходжанне або смерці людзей, звязаных з палітычна матываваным пераследам”.
Паводле звестак “Вясны”, не менш за дзевяць чалавек памерла ў зняволенні: Андрэй Паднябенны, Аляксандр Кулініч, Ігар Леднік, Вадзім Храсько, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч, Вітольд Ашурак, Дзмітрый Шлетгаўэр, Валянцін Штэрмер.
Праваабаронцы падкрэсліваюць, што ўсе прадстаўленыя даныя ў рэчаіснасці могуць быць значна большымі праз адсутнасць поўнай інфармацыі пра палітычныя рэпрэсіі ў краіне.
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаВячорка: Цікавасць да канферэнцыі "Новая Беларусь" вызначае нашу суб'ектнасцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПатрэбныя ідэі, каб разварушыць беларусаў замежжа, лічыць ЛябедзькаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаКанферэнцыя "Новая Беларусь" заўжды прыводзіць да "змены палітык" — БаркоўскіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+



