Пасля сітуацыі ў Лейпцыгу МЗС Італіі праверыць абставіны выдачы візы жыхару Беларусі з пашпартам РФ

3 верасня, Позірк. Міністэрства замежных спраў Італіі праверыць абставіны выдачы шэнгенскай візы жыхару Беларусі з расійскім пашпартам, заявіў кіраўнік італьянскага знешнепалітычнага ведамства Антоніа Таяні па выніках нефармальнай сустрэчы кіраўнікоў МЗС краін Еўрапейскага саюза ў ірландскім горадзе Уіклоу.
“Пройдзе расследаванне таго, што адбылося, мы высветлім, ці так гэта і з якой прычыны была выдадзеная гэтая віза”, — цытуе Таяні італьянскае выданне Quotidiano Nazionale.
Чыноўнік падкрэсліў, што для выдачы віз існуе пэўная працэдура, і пры адсутнасці “канкрэтных трывожных сігналаў” у дачыненні да асобы і наяўнасці прадугледжаных патрабаванняў “віза выдаецца”.
“Праблема не ў візе, праблема — у стаўленні некаторых краін да Еўропы”, — падкрэсліў Таяні.
2 верасня паведамлялася, што нямецкія следчыя высветлілі асобы двух падазраваных у планаваным нападзе на ўкраінскі транспартны самалёт у аэрапорце Лейпцыга (Германія), сярод іх — жыхар Беларусі.
Вядучыя нямецкія СМІ (Süddeutsche Zeitung, NDR і WDR) паведамілі пра двух падазраваных у здзяйсненні дыверсіі. Паводле інфармацыі Die Zeit, расследаванне вядзе генеральны пракурор.
Было заяўлена, што падазраваныя — ураджэнец Расіі з латвійскім пашпартам, які можа быць звязаны са спецслужбамі РФ, і жыхар Беларусі з расійскім пашпартам, які “ўжо трапляў у поле зроку паліцыі” ў розных краінах за здзяйсненне іншых правапарушэнняў.
У следчых атрымалася аднавіць маршрут яго ўезду ў Германію і выезду з яе. Паводле даных SZ, NDR і WDR, падазраваны ўехаў па італьянскай турыстычнай візе, што была выдадзеная ў Мінску напрыканцы красавіка.
Жыхар Беларусі з расійскім пашпартам, верагодна, быў выканаўцам тэракту. На яго выйшлі па слядах ДНК, пакінутых на дроне, антэне і ўнутраным баку бляшанкі з-пад выбухоўкі. Расіянін быў каардынатарам.
Абодва падазраваныя паспелі пакінуць ЕС, і следчыя скептычна ацэньваюць шанцы прыцягнуць іх да суда.
У ноч на 5 жніўня ў закрытай зоне аэрапорта Лейпцыга быў выяўлены БПЛА з зарадам выбухоўкі. Ён знаходзіўся ў непасрэднай блізкасці ад украінскіх грузавых самалётаў Ан-124 “Руслан”, якія выкарыстоўваюцца для транспарціроўкі зброі і боепрыпасаў для патрэб Сіл абароны Украіны.
Пазней высветлілася, што дронаў было мінімум тры. Адзін з іх сутыкнуўся з грузавым самалётам кампаніі DHL, а фрагменты трэцяга з 50 грамамі гексагену былі знойдзеныя 14 жніўня на полі непадалёк.
Германія, рэагуючы на інцыдэнт, абвясціла пра закрыццё апошняга генеральнага консульства РФ у Боне, а таксама пра скасаванне дамовы і закрыццё “Рускага дома” ў Берліне.
Масква традыцыйна катэгарычна адмаўляе ўсе абвінавачанні.
Дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская неаднаразова адзначала неабходнасць выдачы большай колькасці шэнгенскіх віз для беларусаў, аднак у Беларусі атрыманне шэнгенскай візы для звычайных людзей вельмі абмежаванае.
У 2025 годзе ў Беларусі была выдадзена 152.171 шэнгенская віза, уключаючы 129.672 шматразовыя, 221 візу з абмежаваным тэрытарыяльным дзеяннем. Гэта ў 4,2 раза менш шэнгенскіх віз, чым у 2019-м. Зафіксавана таксама 3.652 адмовы ў выдачы віз.
За 2025 год Італія выдала беларусам 50.709 шэнгенскіх віз, гэтая краіна з’яўляецца лідарам паводле колькасці выдадзеных віз. Італія выдае беларусам шэнгенскія візы пад канкрэтную паездку ў гэтую краіну. Як правіла, гаворка ідзе пра куплю тура ў Італію. Для дзелавых або сваяцкіх візітаў патрабуецца запрашэнне.
- Грамадства
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаУ першы дзень восені суседнія краіны ЕС зафіксавалі 54 спробы парушэння мяжы з боку БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка



