Мінск 15:36

Анджэй Пачобут часова вярнуўся ў Беларусь — СМІ (дапоўнена)

Анджэй Пачобут у Ольштыне (16 жніўня)
Архіўнае фота: radioolsztyn.pl

8 верасня, Позірк. Экс-палітвязень, журналіст і актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут 8 верасня часова вярнуўся з Польшчы ў Беларусь, паведамляе польская Gazeta Wyborcza.

Адзначаецца, што ён перасёк польска-беларускую мяжу і накіраваўся ў Гродна. Паездка мае доўжыцца тыдзень.

Пачобут, як піша выданне, раней заяўляў, што ў Гродне плануе “наведаць розныя месцы”. “Вельмі шмат людзей аказалі мне дапамогу: куплялі ежу, дасылалі пасылкі, пакуль я сядзеў і мог іх атрымліваць. У лагеры гэтае права ў мяне адабралі. Я вельмі ўдзячны за дапамогу, яна дапамагла мне выжыць”, — сказаў ён.

У інтэрв’ю польскаму інфармагенцтву PAP (апублікавана 2 верасня) Пачобут казаў, што падчас кароткай размовы пасля агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане папрасіў у папы рымскага Льва XIV блаславення для Беларусі, сваёй сям’і і Саюза палякаў.

“Хутка я буду вяртацца ў Беларусь, а ўнутранае напружанне назапашвалася. Я вельмі ўдзячны папу за той спакой, які адчуваю цяпер. Апошнія месяцы былі вельмі актыўнымі. Цяпер я адчуваю спакой”, — сказаў экс-палітвязень.

Пра тое, што яго планы па вяртанні ў Беларусь не змяніліся, Пачобут заявіў на фестывалі “Кампус Польшча будучыні” (Campus Polska Przyszłości) 27 жніўня ў Ольштыне.

“Ніхто не дасць мне ніякіх гарантый, як павядуць сябе ўлады Беларусі”, — адзначыў актывіст, дадаўшы, што ўсведамляе ўсе рызыкі.

53-гадовы Пачобут быў вызвалены і вывезены з Беларусі ў Польшчу 28 красавіка. Ён быў сярод асуджаных, якіх дэмакратычныя краіны вызвалілі ў рамках абмену з Беларуссю і РФ па схеме “пяць на пяць”.

У траўні Пачобут паведаміў, што афіцыйна быў памілаваны, хоць не пісаў прашэння аб гэтым.

Намер вярнуцца ў Беларусь Пачобут дэклараваў адразу пасля вызвалення, паведаміўшы, што папрасіў пра адпаведныя гарантыі з боку Мінска: “Прывялі чыноўніка з Адміністрацыі прэзідэнта і патэлефанавалі польскаму часоваму паверанаму ў справах. Я спытаў, ці магу я вярнуцца ў Беларусь. Ён пацвердзіў гэта. Беларускія чыноўнікі таксама пацвердзілі гэта” (цытата ад 28 красавіка).

Выступаючы ў Сенаце Польшчы 20 траўня, Пачобут заявіў, што вернецца ў Беларусь не пазней за верасень.

1 верасня намеснік кіраўніка Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Чэслаў Мрочэк выказаў асцярогу, што вяртанне Пачобута ў Беларусь “нясе велізарную рызыку для яго”.

Падзяліцца: