Мінск 07:10

Ціханоўская абмеркавала з Зяленскім уцягванне Мінска ў вайну і становішча беларусаў ва Украіне

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

13 лістапада, Позірк. Беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім 12 лістапада ў Дубліне (Ірландыя). Гэта адбылося на палях саміту Еўрапейскай палітычнай супольнасці.

Паводле Ціханоўскай, на сустрэчы абмяркоўваліся роля рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў агрэсіі РФ і неабходнасць не дапусціць уцягвання беларускага войска ў вайну. Мінск “нясе адказнасць за падтрымку расійскай агрэсіі, таму міжнародны ціск на яго, у тым ліку санкцыйны, павінен працягвацца”.

Таксама абмеркавана становішча беларусаў ва Украіне, у тым ліку праблемы з дакументамі і легалізацыяй.

“Перадала <…> словы салідарнасці і падтрымкі ад беларусаў. Мы стаім на баку Украіны і ўкраінскага народа. Сёння як ніколі важна ўзмацніць падтрымку Украіны, каб спыніць расійскую агрэсію і дасягнуць справядлівага і трывалага міру”, — цытуе Ціханоўскую яе прэс-служба па выніках сустрэчы.

На думку палітыка, лёсы Беларусі і Украіны “неразрыўна звязаныя, а ад выніку вайны залежыць будучыня абедзвюх краін”: “Мір павінен быць на ўмовах Украіны, з надзейнымі гарантыямі бяспекі, якія не дазволяць Расіі напасці зноў”.

“Беларускае пытанне” павінна стаць “часткай перамоў аб трывалым міры”, дадала дэмлідар: “Нельга дапусціць, каб Беларусь засталася пад кантролем Расіі. Неабходна вывесці расійскія войскі з Беларусі і аднавіць сапраўдную незалежнасць і суверэнітэт нашай краіны. Без гэтага не будзе трывалай бяспекі ні для Украіны, ні для ўсяго рэгіёна”.

“Мы хочам бачыць Украіну моцнай, незалежнай і мірнай, а Беларусь — свабоднай і дэмакратычнай. Нашы народы заслугоўваюць бяспечнай еўрапейскай будучыні”, — сказала палітык.

Кіеў пра сустрэчу на гэты момант не паведамляе.

Раней 12 лістапада Ціханоўская заявіла журналістам, што Расія зацікаўленая ў выключэнні Еўропы з перамоў пра мір ва Украіне. Яна заклікала не дапусціць паўтарэння “ялцінскага сцэнарыя”, пры якім лёсы краін і народаў вырашаюцца без іх удзелу.

Таксама палітык адзначыла паляпшэнне стасункаў паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Кіевам.

Ціханоўская і Зяленскі сустракаліся 14 траўня 2023 года ў Ахене (Германія) на цырымоніі ўручэння прэміі Карла Вялікага, 16 траўня 2025 года ў Тыране (Албанія) таксама на саміце ЕПС, 2 кастрычніка 2025 года ў Капенгагене (Данія) на аналагічным мерапрыемстве, 25 студзеня 2026 года ў Вільнюсе на мерапрыемствах памяці ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў і сёлета 26 траўня ў Кіеве падчас Міжнароднага саміту гарадоў і рэгіёнаў.

Першыя тры сустрэчы былі кароткімі, паўнавартасныя двухбаковыя перамовы адбыліся толькі ў студзені і траўні 2026 года.

Мінск падтрымлівае Маскву ў развязанай ёю ў лютым 2022 года поўнамаштабнай вайне супраць Украіны. 

Падзяліцца: