Мінск 06:42

Спікер КР Ягораў: Беларусь знаходзіцца ў найбольш крызіснай сітуацыі з моманту набыцця незалежнасці

2 жніўня, Позірк. Беларусь знаходзіцца сёння ў “найбольш крызіснай сітуацыі” з моманту набыцця незалежнасці, краіна “ахоплена рэпрэсіўным рэжымам, які спрабуе татальна вынішчыць усю грамадскую актыўнасць унутры краіны і здушыць любыя праявы непакорлівасці і супраціўлення”, заявіў спікер Кардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу (КР) Андрэй Ягораў, адкрываючы 2 жніўня слуханні аб дзейнасці прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК). 

Слуханні праходзяць у Варшаве. 

Паводле слоў Ягорава, здушыць “прагу свабоды беларускага грамадства немагчыма, яна заўсёды была і заўсёды будзе”. 

“У Беларусі тысячы і тысячы людзей сёння працягваюць сваю грамадскую дзейнасць, працягваюць барацьбу за свабоду. У краіне дзейнічаюць падпольныя арганізацыі грамадскага супраціву. І гэта той патэнцыял змяненняў, які будзе выкарыстаны для будучыні Беларусі”, — сказаў Ягораў. 

Палітык звярнуў увагу на працяглыя палітычныя рэпрэсіі: “Рэжым [Лукашэнкі] кожны дзень стварае сітуацыі, калі людзі трапляюць за краты. Тысячы беларусаў прайшлі праз турмы, больш за 1,5 тыс. прызнаны палітзняволенымі сёння ў Беларусі (паводле звестак праваабаронцаў, 1.483 чалавекі на 2 жніўня. — “Позірк”.)”. 

“Рэжым узяў удзел у ганебнай вайне ва Украіне. Беларусь стаіць пад пагрозай страты незалежнасці, адбываецца ўсё большае паглынанне краіны Расіяй”, — падкрэсліў спікер КР. 

У гэтых умовах, дадаў ён, КР “глядзіць на мэты Аб’яднанага пераходнага кабінета”.

Сярод мэтаў АПК Ягораў адзначыў неабходнасць “абароны незалежнасці і суверэнітэту”, ажыццяўленне “фактычнай дэакупацыі Беларусі”, аднаўленне “канстытуцыйнай законнасці і правапарадку” і правядзенне “транзіту ад дыктатуры на дэмакратыі”.

“Нашая задача сёння — выслухаць справаздачы прадстаўнікоў АПК і абмеркаваць, наколькі іх дзейнасць за гэты год па дасягненні гэтых мэтаў была паспяховай, а таксама прадставіць рэкамендацыі Каардынацыйнай рады адносна паляпшэння працы прадстаўнікоў і ўсяго кабінета”, — сказаў спікер КР. 

Раней прэс-служба КР паведаміла, што на слуханнях не змогуць прысутнічаць прадстаўнікі АПК Павел Латушка і Аляксандр Азараў, бо яны зараз знаходзяцца ў рабочай паездцы ва Украіну. Іх справаздачы будуць заслуханыя пазней.

22 чэрвеня беларускі дэмакратычны лідар, кіраўнік АПК Святлана Ціханоўская падпісала пастанову аб правядзенні слуханняў у КР па ацэнцы дзейнасці прадстаўнікоў кабінета і ўзгадненні яго складу. 

Адзначалася, што адпаведная працэдура прадугледжаная рэгламентнымі дакументамі дэмакратычных структур. 

У прыватнасці, падкрэслівалася, што згодна з рэгламентам АПК, “кандыдаты членаў кабінета ўносяцца на ўзгадненне ў Каардынацыйную раду, якая пасля публічных слуханняў прымае рашэнне аб узгадненні прызначэнняў членаў кабінета ў адпаведнасці са сваімі правіламі і працэдурамі”. 

Таксама ў дакументах замацаваны абавязак прадстаўнікоў АПК “прадстаўляць справаздачу пра сваю дзейнасці на падставе рашэння Аб’яднанага пераходнага кабінета і Каардынацыйнай рады”. 

На ўзгадненне ў КР Ціханоўская прапанавала кандыдатуры дзеючых прадстаўнікоў кабінета: Паўла Латушкі (намеснік кіраўніка, прадстаўнік па транзіце ўлады), Валерыя Кавалеўскага (намеснік кіраўніка, прадстаўнік па замежных справах), Аляксандра Азарава (прадстаўнік па аднаўленні правапарадку), Вольгі Гарбуновай (па сацыяльных пытаннях), Аліны Коўшык (па нацыянальнаму адраджэнню), Валерыя Сахашчыка (па абароне і нацыянальнай бяспецы).

Падзяліцца: