be
Arrow
Мінск 10:13

Лукашэнка: У выпадку вайны атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны (дапоўнена)

3 чэрвеня, BPN. Аляксандр Лукашэнка пасля адкрыцця новай паліклінікі ў Мінску 3 чэрвеня пракаментаваў раней агучаную міністрам абароны інфармацыю аб стварэнні ў Беларусі народнага апалчэння.

“Некалькі гадоў таму, калі стваралі тэрытарыяльную абарону, я казаў, што тэрытарыялаў трэба стварыць і вучыць іх. Бо ніхто не будзе абараняць свой дом так, як ты, калі гэта твой дом”, — зазначыў Лукашэнка.

“Гэта пачулі, відаць, ва Украіне, — працягнуў ён. — Але вы бачылі, як яны раздавалі зброю. Гэтага быць не павінна. Усе нашы тэрытарыялы — яны прыпісаны ў батальёны, у палкі арганізаваны. Мы ведаем іх прозвішчы. (…) І зброя ім нарыхтавана. На кожны батальён, на кожны раён”.

Паводле слоў Лукашэнкі, з улікам “негатыўнага ўкраінскага досведу” ён прыняў рашэнне “на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець вось гэта — назваў я яго — народнае апалчэнне, гэтую групку людзей”. “Гэта будзе няшмат. Ну, можа, 50 чалавек. Але яны таксама павінны мець сваю зброю недзе на складзе. Мы іх прызываем для навучання — яны ўзялі свой аўтамат (гэта ў асноўным аўтамат, гранатамёт, пісталет; што, яны на танках будуць ездзіць? не), каб маглі абараніць свой дом”, — сказаў Лукашэнка.

У выпадку ваенных дзеянняў, упэўнены ён, атрады народнага апалчэння могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны.

Лукашэнка заявіў, што “гэта не проста ад балды зроблена”. “Гэта ўсё ад зямлі. Няхай людзі вучацца валодаць зброяй, у гэтым няма нічога дрэннага, — упэўнены ён. — Якраз кожная сям’я зможа свой дом, пасёлак, вёску абараніць. Гэта зыходзіць з досведу расійска-ўкраінскага канфлікту і ад зямлі”.

Лукашэнка паведаміў, што напярэдадні нездарма запрасіў на размову старшыню Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, былога міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. У таварыстве больш за 90 тыс. сябраў, якія ўмеюць абыходзіцца са зброяй. “Я кажу: “Вы будзеце ў баку? Паўтары нашыя цяперашнія войскі. Давай-ка, дарагі мой, хаця б тысяч пяць (гэта выдатныя стрэлкі, выдатныя). Мы падумаем пра тое, як іх дазброіць”. Ён: “Не, не трэба, у нас усё ёсць”, — зазначыў Лукашэнка і даў кіраўніку БТПР даручэнне: “Твая задача — пяць тысяч. Будзеш камандуючым гэтым корпусам ці брыгадай. Задача зразумелая. Пяць тысяч падрыхтаваных людзей — гэта сіла”.

Акрамя таго, сказаў ён, у краіне пачалося фармаванне “інфармацыйнага спецназу”. “Дрэнна працуем [на інфармацыйным полі]. Таму нядаўна ў Мінабароны быў і нядаўна праводзіў нараду наконт інфармацыйных, псіхалагічных і іншых аперацый і гэтак далей. Пакуль мы недацягваем”, — прызнаў Лукашэнка.

“Усе вы будзеце займацца сумленна гэтым, — звярнуўся ён да супрацоўнікаў дзяржаўных СМІ. — Маё патрабаванне было адно: гэта не павінны быць фейкі”. <…> Мы зараз фармуем гэты “спецназ”. Але без вас нічога не зробім. Сіла ў праўдзе. Усё роўна праўда перамагае”.

“Так, мы прапагандысты, мы агітатары, мы разумеем, што мы адно аднаго абараняем. Але не настолькі, каб хлусіць так, як на Захадзе”, — заявіў Лукашэнка.

24 лютага Расія пачала вайну супраць Украіны. Улады ў Мінску адмаўляюць удзел беларускай арміі ў баявых дзеяннях на баку РФ, у той жа час тэрыторыя Беларусі з пачатку ўварвання актыўна выкарыстоўвалася расійскім войскам для нанясення ўдараў па Украіне.

(Выкарыстаны тэкставыя і відэаматэрыялы прэс-службы Лукашэнкі.)

Падзяліцца: