be
Arrow
Мінск 04:16

Ключавыя фрагменты справаздачы ICAO: “Неўстаноўленая асоба” ў дыспетчарскім пункце, працяглая эвакуацыя пасажыраў, ненаданне крытычнай інфармацыі

20 ліпеня, BPN. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) апублікавала справаздачу па расследаванні вымушанай пасадкі ў Мінску самалёта Ryanair у траўні мінулага года. BPN прыводзіць фрагменты дакумента з важнымі дэталямі гэтай рэзананснай падзеі.

Ненаданне крытычнай інфармацыі

Беларускія ўлады неаднаразова падкрэслівалі сваю гатоўнасць супрацоўнічаць у рамках расследавання інцыдэнту. 16 лютага 2022 года міністр замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што “Беларусь надала ўсе неабходныя дакументы ў ICAO”.

Разам з тым у справаздачы ўказана, што “некаторая крытычная інфармацыя, якая была запытана, нададзена не была”.

У першую чаргу размова ідзе аб аўдыё- і відэазапісах, а таксама лістах з пагрозамі ўзарваць самалёт. “Групе, якая праводзіла расследаванне, не былі нададзены захаваныя электронныя копіі паведамленняў па электроннай пошце, атрыманых у паштовую скрыню іnfo@airport.by у іх арыгінальным фармаце”, — гаворыцца ў дакуменце.

Падкрэсліваецца, што “група бачыла захаваныя файлы паведамленняў па электроннай пошце падчас наведвання месца”. Аднак Дэпартамент па авіяцыі Беларусі на запыт адказаў, што “гэтых файлаў больш няма”.

Таксама прадстаўнікі ICAO не здолелі атрымаць звесткі аб тэлефонных размовах паміж персаналам аэрапорта і дыспетчарскім цэнтрам, у якіх, паводле сцвярджэння беларускіх уладаў, зафіксавана “інфармацыя аб атрыманні паведамлення па электроннай пошце з пагрозай выбуху”. Авіяцыйныя ўлады Беларусі, спаслаўшыся на арт. 28 Канстытуцыі, паведамілі, што “не могуць надаць запытаныя дэталі адносна дакладнага часу канкрэтных званкоў з мабільных тэлефонаў або атрымання такіх званкоў, а таксама іх працягласці”.

Спецыялісты ICAO разлічвалі атрымаць аўдыё- і відэазапісы з пункта міграцыйнага кантролю ў мінскім аэрапорце — з момантам афармлення пяці пасажыраў, якія пасля агляду самалёта не вярнуліся на борт і засталіся ў Беларусі. На думку расследавальнікаў, гэтыя матэрыялы “маглі б прадэманстраваць некаторыя важныя дзеянні ў дачыненні да афармлення пасажыраў, якія былі зроблены з моманту высадкі з паветранага судна і ў будынку тэрмінала”.

Аднак паўнамоцныя органы паведамілі, што запісы надаць не могуць, паколькі “відэаархіў захоўваецца на працягу 30 дзён”.

Электронныя лісты: ці было першае паведамленне?

Немалая частка справаздачы прысвечана лістам, адпраўленым на электронныя пошты некалькіх аэрапортаў, у тым ліку мінскага, і нестыкоўкам паміж звесткамі беларускіх уладаў і храналогіяй падзей.

У лістах за подпісам “салдатаў ХАМАС” гаварылася: у самалёце, дзе “знаходзяцца ўдзельнікі эканамічнага форуму Delphi, закладзена бомба”. Аўтары паведамлення патрабавалі спынення агню Ізраілем у сектары Газа.

У дакладзе ICAO адзначана, што спыненне агню паміж Ізраілем і ХАМАС набыло моц за два дні да інцыдэнту з самалётам Ryanair. У той жа час яны прызналі, што “адзін з пасажыраў браў удзел у форуме [Delphi]”.

Расследавальнікі назвалі паступленне першага ліста — у 09.25 UTC (12.25 па мінскім часе) — на электронную пошту info@airport.by “ключавым момантам”, які дазволіў растлумачыць прычыну “паведамлення лётнаму экіпажу аб пагрозе выбуху”.

Аднак, як высветлілі прадстаўнікі ICAO, уладальнік паштовага сэрвісу (швейцарская кампанія Proton AG) не пацвердзіў факт адпраўлення гэтага ліста.

“Толькі другое паведамленне з аналагічным зместам па электроннай пошце было адпраўлена ў аэрапорт Мінск у 09:56:45 UTC (12:56:45 па мінскім часе)”, — падкрэсліваецца ў справаздачы.

Пацвердзіць факт атрымання першага ліста маглі б кампетэнтныя органы Беларусі, аднак яны, акцэнтавалі ўвагу прадстаўнікі ICAO, “не надалі ні часопісы рэгістрацыі сервера электроннай пошты airport.by, ні файлы электроннай пошты, якія змяшчаюць паведамленні з пагрозай, захаваныя ў іх першапачатковым фармаце, у тым ліку метаданыя”.

Паводле звестак групы, якая праводзіла расследаванне, беларускія ўлады “спаслаліся на тое, што яны былі выдаленыя ў адпаведнасці з палітыкай захоўвання даных”.

Роля “неўстаноўленнай асобы”, якая прысутнічала ў дыспетчарскім пункце

Паводле інфармацыі прадстаўнікоў ICAO, падчас інцыдэнту ў дыспетчарскім цэнтры прысутнічала “неўстаноўленая асоба”, якая ў справаздачы называецца “супрацоўнікам КДБ Беларусі”.

Пра гэты факт паведаміў дыспетчар, які падаў у якасці доказу зроблены ім аўдыёзапіс.

У дакладзе імя дыспетчара не паведамляецца, але, верагодна, размова пра Алега Галегава, які здолеў улетку 2021 года пакінуць Беларусь.

Паводле слоў дыспетчара, генеральны дырэктар “Белаэранавігацыі” і “неўстаноўленая асоба” прыйшлі ў дыспетчарскі цэнтр за некалькі гадзін да інцыдэнту. Непасрэдна падчас інцыдэнту “начальнік змены перыядычна кансультаваўся з невядомым перш, чым інструктаваць дыспетчара”.

У астатні час “адказы дыспетчара на пытанні [пілота самалёта Ryanair] падаваліся непасрэдна неўстаноўленай асобай”, якая, мяркуючы па справаздачы, сама атрымлівала інструкцыі па тэлефоне.

Мяркуючы, што звычайныя запісы авіядыспетчарскіх паведамленняў будуць знішчаны, дыспетчар зафіксаваў перамовы на смартфон.

У расшыфроўцы гэтых аўдыёзапісаў пазначана, што ў 09:33 UTC (12:33 па мінскім часе) невядомы на пытанне, адкуль паступіла інфармацыя аб пагрозе выбуху на борце, адказаў: “Ну, тыпу гэта масавая рассылка ва ўсе аэрапорты была”.

Група расследавальнікаў не змагла ўстанавіць, якім чынам “інфармацыя аб накіраванні паведамлення па электроннай пошце ў іншыя аэрапорты стала вядома дыспетчару або начальніку змены, як аб гэтым заявілі ўлады Беларусі”. Аднак паказанні і аўдыёзапісы “сведчаць аб тым, што гэтая інфармацыя паступала ад неўстаноўленай асобы”.

Іншы важны момант датычыцца вызначэння кода пагрозы. Зыходзячы з той жа расшыфроўкі аўдыёзапісу, рашэнне прымала “неўстаноўленая асоба”, якая паведаміла: “Няхай будзе чырвоны”.

Пры гэтым дыспетчар-інфарматар паведаміў ICAO, што сваімі словамі “Яны кажуць, код — чырвоны” ён спрабаваў намякнуць экіпажу самалёта аб знаходжанні ў дыспетарскім пункце “іншых людзей, якія дыктуюць, што казаць”.

Паводле яго слоў, выбар месца пасадкі застаецца за камандзірам паветранага судна, і ён не меў права гаварыць аб гэтым і даваць такія рэкамендацыі. Тым не менш на пытанне лётнага экіпажа, адкуль паступіла рэкамендацыя перанакіраваць паветранае судна ў Мінск, дыспетчар адказаў, што “гэта была наша рэкамендацыя”.

Калі экіпаж прыняў рашэнне садзіцца ў мінскім аэрапорце, “неўстаноўленая асоба” пакінула дыспетчарскі пункт.

1 чэрвеня 2021 года дыспетчара выклікалі ў офіс “Белаэранавігацыі”, дзе “намеснік гендырэктара даў указанні дыспетчару і начальніку змены ўнесці змяненні ў іх індывідуальныя справаздачы”.

Мяркуючы па расшыфроўцы аўдыёзапісу (размова таксама была зафіксаваная дыспетчарам), кіраўнік “Белаэранавігацыі” сказаў: “Значыць, глядзіце, зараз я вам дам аркушыкі, трэба будзе карэкціроўкі некаторыя ўнесці, яны нязначныя, але… чаму, таму, што… эээ ў радыёабмене крыху іншыя фігуруюць… крыху іншы час фігуруе. Таму трэба бліжэй да радыёабмену напісаць, каб вы… эээ, ну менш фантазій, правільна?”

Працяглая эвакуацыя пасажыраў

Асобна ў справаздачы ICAO разглядаецца пытанне аб працяглай эвакуацыі пасажыраў з самалёта, які, як сцвярджаюць беларускія ўлады, мог падарвацца.

Паводле звестак групы расследавальнікаў, эвакуацыя заняла больш за паўгадзіны, паколькі “пасажырам сказалі высаджвацца групамі па пяць чалавек”.

“Высадка пасажыраў завяршылася, як мяркуецца, каля 11:14 (14:14 па мінскім часе. — BPN.). Аднак “сігнал бедства” быў адменены, і падраздзяленні надзвычайнага рэагавання і ратавання атрымалі каманду “адбой” у 10:47 (13:47. — BPN.), калі на пероне яшчэ працягваўся агляд ручной паклажы пасажыраў, багажны адсек паветранага судна яшчэ не быў адкрыты, а ператрус паветранага судна ў мэтах бяспекі яшчэ не пачаўся”, — падкрэсліваецца ў справаздачы.

У дакуменце таксама ўказана, што “з моманту спынення паветранага судна да дастаўкі пасажыраў у пасажырскі тэрмінал аэрапорта прайшло 57 хвілін”.

Прадстаўнікі ICAO звярнулі ўвагу на кіраўніцтва па авіяцыйнай бяспецы, у якім рэкамендуецца “пасля пасадкі паветранага судна пры пагрозе выбуху, узровень якой быў ацэнены кодам “аранжавы” або “чырвоны” прадугледзець меры для найбольш хуткай высадкі пасажыраў і членаў экіпажа, пры магчымасці, разам з ручной паклажай”.

Расследавальнікі зрабілі выснову, што “наземны персанал аэрапорта Мінск не выканаў працэдур для забеспячэння найбольш хуткай высадкі пасажыраў”.

Аб пасажырах, якія засталіся ў Мінску

Рэйс Ryanair FR4978 вылецеў з Афін са 126 пасажырамі, але пасля незапланаванай пасадкі ў Мінску на борт вярнуўся 121 пасажыр.

Пры гэтым, сказана ў справаздачы, наземны персанал аэрапорта Мінск не даў экіпажу Ryanair ніякіх тлумачэнняў наконт адсутнасці пяці чалавек.

Пазней кампетэнтныя органы Беларусі пацвердзілі групе расследавальнікаў, што пяць пасажыраў засталіся ў Мінску. Сярод іх трое мелі грамадзянства Беларусі (у тым ліку затрыманы пасля блогер Раман Пратасевіч), адзін — Расіі (верагодна, гаворка пра сяброўку Пратасевіча Сафію Сапегу), яшчэ адзін — Грэцыі.

“Кожны з іх быў суправоджаны да супрацоўнікаў службы міграцыйнага кантролю, якія прысутнічалі і назіралі за сітуацыяй у зоне чакання тэрмінала, перш чым іх правялі ўніз да стойкі міграцыйнага кантролю для афармлення. Усе пяць пасажыраў перасяклі мяжу па ўласнай ініцыятыве, без суправаджэння”, — сцвярджалі беларускія ўлады.

У справаздачы ICAO гаворыцца, што, “згодна з гутаркамі, праведзенымі з экіпажам і кіраўніцтвам Ryanair, дазвол пасажыру застацца ў тым месцы, у якое быў перанакіраваны рэйс, не з’яўляецца незвычайнай практыкай”.

Але, як стала вядома дзякуючы публікацыі справаздачы, аднаму “беларускаму пасажыру, які выказаў жаданне застацца ў Мінску, усё ж адмовілі ва ўездзе ў Беларусь і ён працягнуў палёт у Вільнюс”.

23 траўня 2021 года ў аэрапорце Мінска быў пасаджаны самалёт Boeing 737 рэйса Афіны — Вільнюс ірландскай авіякампаніі Ryanair. На борце знаходзіліся на той момант апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч і яго сяброўка Сафія Сапега. Абодвух затрымалі.

Гендырэктар Ryanair Майкл О’Ліры назваў тое, што здарылася, наўмысным угонам паветранага судна па загадзе беларускіх уладаў. Прадстаўнікі многіх краін упэўнены, што самалёт пасадзілі прымусова. Афіцыйны Мінск абвінавачванні абвяргае.

Інцыдэнт прывёў да міжнароднага скандалу, у выніку якога над Беларуссю перасталі ажыццяўляць палёты многія еўрапейскія авіякампаніі, а для беларускіх самалётаў усе сумежныя краіны, акрамя Расіі, закрылі неба.

18 ліпеня 2022 года Савет ICAO “завяршыў абмеркаванне інцыдэнту з рэйсам Ryanair FR4978 у паветранай прасторы Беларусі ў траўні 2021 года, асудзіўшы дзеянні ўлад Беларусі па ўчыненні акта незаконнага ўмяшання”.

“Пасля разгляду вынікаў праверкі фактаў Савет ICAO прызнаў, што пагроза выбуху бомбы на борце FR4978 Ryanair была загадзя ілжывай, што падарвала бяспеку рэйса, акрамя таго, гэтая пагроза была даведзена да лётнага экіпажа па ўказанні высокапастаўленых службовых асоб Беларусі”, — заявіла арганізацыя.

У ICAO адзначылі, што “перадача ілжывай інфармацыі, якая стварае пагрозу бяспецы паветранага судна ў палёце, з’яўляецца злачынствам” у адпаведнасці з Канвенцыяй па уніфікацыі некаторых правілаў міжнародных паветраных перавозак (Манрэальская канвенцыя).

Падзяліцца: