be
Arrow
Мінск 19:26

Лукашэнка прыбыў у Абхазію і сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанай рэспублікі Бжаніяй

28 верасня, BPN. Аляксандр Лукашэнка прыбыў з візітам у Абхазію, дзе сустрэўся з кіраўніком самаабвешчанай рэспублікі Асланам Бжаніяй. Сустрэча прайшла ў Піцундзе, паведамляе абхазскае інфармагенцтва “Апсныпресс”.

“Настальгія ніколі не пакідае нас, — заявіў Лукашэнка. — У далёкія часы, магчыма, у 25–27 гадоў я быў на гэтай святой зямлі. Натуральна, не прэзідэнтам. Можна сказаць, звычайным чалавекам, дэпутатам парламента”.

Паводле яго слоў, ён абмяркоўваў “праблемы Абхазіі” падчас нядаўняй сустрэчы “з нашым старэйшым братам Уладзімірам Пуціным”. “Мы да ночы абмяркоўвалі гэтыя пытанні і прыйшлі да высновы, што Абхазію нельга кідаць”, — сказаў Лукашэнка.

Прыезд беларускай дэлегацыі ў Абхазію, сцвярджае ён, “не звязаны з нейкай асаблівай сітуацыяй”.

“У нас нармальная сітуацыя. Мы не пакутуем ніякай геапалітыкай. Мы проста, як і вы, мірны, добры, працавіты народ і хочам жыць у згодзе. А эканоміка, гандлёва-эканамічныя сувязі павінны стаць падмуркам нашых адносін. Іншага не дадзена”, — падкрэсліў Лукашэнка.
Паводле яго слоў, Абхазія з’яўляецца “райскім кутком”, а яе жыхары — “святыя людзі”. “Мы хочам наладзіць не проста мост сяброўства, а вельмі сур’ёзныя стасункі”, — заявіў ён.

Каментуючы міжнародную абстаноўку, Лукашэнка сказаў: “Мы сёння, як ніколі, убачылі, якім стаў свет. Нам спакойна жыць не дадуць. Таму мы павінны ўмацоўваць адносіны з сябрамі”.

Пасля гэтага “размова працягнулася за зачыненымі дзвярыма”.

У Абхазію разам з Лукашэнкам прыбылі яго даўні паплечнік і былы кіраўнік спраў Віктар Шэйман, памочнік Мікалай Латышонак і прэс-сакратар Наталля Эйсмант.

Пры гэтым прэс-служба Лукашэнкі пра візіт у Піцунду не паведамляла.

Лукашэнка наведаў Абхазію пасля працяглага знаходжання ў Расіі. 26 верасня ён сустрэўся з Пуціным у Сочы, з таго часу ніякай інфармацыі пра перамовы з расійскім бокам не паступала.

Абхазія — самаабвешчаная дзяржава на тэрыторыі Грузіі, не прызнаная міжнароднай супольнасцю. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію і Паўднёвую Асецію актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтымі тэрыторыямі.

Беларусь афіцыйна да гэтага часу не прызнала незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

7 лютага ў інтэрв’ю расійскаму журналісту Уладзіміру Салаўёву Лукашэнка заявіў, што “не выключае” прызнання незалежнасці дзвюх самаабвешчаных рэспублік. Ён запэўніў, што зробіць гэта, “як толькі я зразумею і прэзідэнт Расіі мне скажа, што ў гэтым ёсць неабходнасць”.

Падзяліцца: