Мінск 17:37

Тэма прамога авіярэйса паміж Мінскам і Яраслаўлем будзе дадаткова абмяркоўвацца — пасол Круты

17 жніўня, Позірк. Адкрыццё прамога авіярэйса паміж Мінскам і Яраслаўлем “дало б вельмі вялікае развіццё” культурным і турыстычным сувязям паміж Беларуссю і Яраслаўскай вобласцю Расіі, заявіў беларускі пасол Дзмітрый Круты па выніках сустрэчы з губернатарам згаданага суб’екта РФ Міхаілам Еўраевым.

“Гэтую тэму мы будзем яшчэ дадаткова абмяркоўваць, бо ёсць пытанні субсідавання на першым этапе такіх пералётаў, — цытуе дыпламата прэс-служба пасольства. — Наогул турыстычны патэнцыял у плане абмену абсалютна не раскрыты”. 

Адзначаецца, што падчас перамоў бакі абмеркавалі “сумесную працу па імпартазамяшчэнні, нішы, якія вызваліліся пасля зыходу заходніх вытворцаў, маштабнае дарожнае будаўніцтва ў рэгіёне, супрацоўніцтва сельгаспрадпрыемстваў” з Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй. 

Расійскі бок зацікаўлены ў “кампетэнцыях беларускіх кампаній у сферы водаачысткі і водападрыхтоўкі”, магчымасці пашырэння паставак з Беларусі пасажырскага транспарту, у тым ліку электрычнага. 

Паводле слоў Крутога, Яраслаўская вобласць “уваходзіць у топ-25 самых значных” для Беларусі рэгіёнаў РФ “па інвестыцыйным, эканамічным, фінансавым і культурным супрацоўніцтве”. Узаемны тавараабарот, лічыць ён, сёлета “ўшчыльную наблізіцца да знакавай лічбы” — 500 млн долараў. 

“Мы з губернатарам дамовіліся зрабіць у Маскве на базе прадстаўніцтва Яраслаўскай вобласці асобную вялікую бізнес-місію, дзе будуць прадстаўленыя 5–10 найбуйнейшых прадпрыемстваў кожнай галіны ад Беларусі і Яраслаўскай вобласці, і паспрабаваць зрабіць паўнацэнную праграму супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння, дзе будуць не толькі кааперацыйныя сумесныя пастаўкі, але і, магчыма, з’явяцца інвестыцыйныя праекты”, — заявіў дыпламат.

Падзяліцца: