be
Arrow
Мінск 10:01

У камісію па вяртанні эмігрантаў уключана 29 чалавек, сярод іх Церцель, Баскаў, Мукавозчык, Азаронак

7 лютага, BPN. У дзяржаўных СМІ 7 лютага апублікаваны склад спецыяльнай камісіі па рабоце з жадаючымі вярнуцца ў Беларусь палітычнымі эмігрантамі. Усяго са зваротамі грамадзян будуць працаваць 29 чалавек.

Як і анансаваў раней Аляксандр Лукашэнка, камісію ўзначаліў генеральны пракурор Андрэй Швед. Яго намеснікамі прызначаны намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Валерый Гайдукевіч і намеснік генпракурора Аляксей Стук.

Таксама ў камісію ўключаны: Іван Кубракоў (міністр унутраных спраў), Іван Церцель (старшыня Камітэта дзяржбяспекі), Дзмітрый Гара (старшыня Следчага камітэта), Анатоль Лапо (старшыня Дзяржаўнага пагранічнага камітэта), Сяргей Алейнік (міністр замежных спраў), Ігар Маршалаў (намеснік старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю — дырэктар Дэпартамента фінансавых расследаванняў), Дзмітрый Баскаў (намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, трэнер хакейнай каманды Лукашэнкі), Алег Дзячэнка (член Савета Рэспублікі, рэктар Акадэміі паслядыпломнай адукацыі), Алена Богдан (старшыня камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама), Марына Лянчэўская (дэпутат Палаты прадстаўнікоў), Аляксандр Маркевіч (намеснік старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бяспецы).

У спісе таксама Васіль Гурскі (галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук), Наталля Карчэўская (рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў), Аляксандр Багдановіч (старшыня Федэрацыі хакея), Аляксандра Ганчарова (старшыня Цэнтральнага савета Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі), Уладзімір Басько (генеральны дырэктар навукова-тэхналагічнай асацыяцыі “Інфапарк”), Ганна Харута (намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Патрыёты Беларусі”), Аляксей Швакаў (старшыня Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў), Вольга Шпілеўская (старшыня Беларускага саюза жанчын), Іван Эйсмант (старшыня Белтэлерадыёкампаніі), Марат Маркаў (кіраўнік тэлеканала АНТ), Рыгор Азаронак, Яўген Пуставой (супрацоўнікі тэлеканала СТБ), Юры Васкрасенскі (дырэктар інфармацыйна-аналітычнай установы “Круглы стол дэмакратычных сіл”), Вадзім Гігін (старшыня праўлення таварыства “Веды”), Андрэй Мукавозчык (супрацоўнік газеты адміністрацыі Лукашэнкі “СБ. Беларусь сегодня”).

6 лютага Лукашэнка падпісаў указ, у адпаведнасці з якім “будуць разглядацца звароты грамадзян Беларусі, якія ўчынілі правапарушэнні”, якія жадаюць вярнуцца на радзіму. Тэкст указа пакуль не апублікаваны.

Паводле слоў генпракурора Шведа, у склад камісіі ўключаны “прадстаўнікі ІT-супольнасці, СМІ”, грамадскіх арганізацый, дэпутацкага корпуса, “навуковай супольнасці і спартыўнай сферы”.

Як адзначаў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі, у камісію маюць права звярнуцца “жадаючыя вярнуцца на радзіму грамадзяне Беларусі, якія ўчынілі ў перыяд з 1 студзеня 2020 года да ўступлення ў сілу гэтага ўказа адміністрацыйныя правапарушэнні або злачынствы пратэстнай накіраванасці, асцерагаюцца вяртання ў краіну ў сувязі са сваім магчымым дачыненнем да ўчынення такіх правапарушэнняў, злачынстваў”.

Звароты могуць быць накіраваны да 31 снежня 2023 года ў пісьмовай або электроннай форме з дадаткам неабходных дакументаў.

“Пры гэтым згаданыя асобы павінны раскаяцца ў зробленым і праінфармаваць камісію аб гатоўнасці пасля вяртання прынесці публічныя прабачэнні, кампенсаваць нанесеную шкоду, выконваць Канстытуцыю і заканадаўства Беларусі, паважаць дзяржаўныя сімвалы і нацыянальныя традыцыі, свядома і актыўна выконваць свой грамадзянскі абавязак”, — гаварылася ў рэлізе.

Па выніках разгляду зваротаў грамадзяне будуць апавяшчацца аб “наяўнасці або адсутнасці ў дачыненні да іх адміністрацыйнага працэсу, распачатай крымінальнай справы, а таксама аб магчымасці іх спынення ў парадку і на ўмовах, устаноўленых заканадаўствам”. Гэтыя рашэнні будуць прымацца камісіяй “шляхам адкрытага галасавання большасцю галасоў і афармляцца пратаколамі”.

Адначасова ўказам прадугледжваецца “гарантыя аб тым, што прыняцце любых працэсуальных рашэнняў адносна грамадзян, якія прыбудуць, магчыма выключна са згоды генеральнага пракурора або асобы, якая выконвае яго абавязкі”.

Рашэнне стварыць згаданую камісію было прынятае 24 студзеня па выніках нарады ў Лукашэнкі.

Падзяліцца: