be
Arrow
Мінск 19:01

Лукашэнка падпісаў закон “Аб асновах грамадзянскай супольнасці” і папраўкі ў законы аб дзейнасці партый

14 лютага, BPN. Аляксандр Лукашэнка 14 лютага падпісаў закон “Аб асновах грамадзянскай супольнасці” і папраўкі ў законы аб дзейнасці партый, паведаміла яго прэс-служба. У студзені дакументы ўхвалілі абедзве палаты Нацыянальнага сходу.

Пад грамадзянскай супольнасцю прапануецца разумець грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія пастаянна пражываюць у краіне і выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю “праз удзел у грамадскіх адносінах і інстытутах, не забароненых заканадаўствам”.

Закон “Аб асновах грамадзянскай супольнасці” вызначае “асаблівыя формы ўзаемадзеяння дзяржаўных органаў (арганізацый) і суб’ектаў грамадзянскай супольнасці: абранне дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, збор і выпрацоўка прапаноў на абмеркаванне ВНС, удзел у рэалізацыі яго рашэнняў”, падкрэслівае прэс-служба Лукашэнкі.

У законе замацоўваюцца “агульныя і асаблівыя формы ўзаемадзеяння” дзяржаўных органаў або арганізацый з суб’ектамі грамадзянскай супольнасці.

Правам на ўзаемадзеянне з дзяржорганамі ў асаблівых формах надзяляюцца суб’екты грамадзянскай супольнасці, “зарэгістраваныя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам, якія маюць абласныя і мінскую гарадскую арганізацыйныя структуры, якія валодаюць колькасцю не менш як 100 тыс. паўналетніх грамадзян (для грамадскіх аб’яднанняў), якія аб’ядноўваюць у сваім складзе не менш. паловы зарэгістраваных у Беларусі прафесійных саюзаў (для прафсаюзаў)”.

Праваабаронцы заявілі, што закон устанаўлівае іерархію арганізацый па формах узаемадзеяння з дзяржаўнымі органамі.

Законапраект “Аб змене законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” прадугледжвае магчымасць ліквідацыі палітычнай партыі “ў выпадку прапаганды вайны, тэрарыстычнай, экстрэмісцкай, іншай забароненай заканадаўствам дзейнасці, дзейнасці, якая наносіць шкоду дзяржаўным і (або) грамадскім інтарэсам” і інш.

Павялічваецца мінімальны парог колькасці заснавальнікаў (членаў) з 1 тыс. да 5 тыс. чалавек, устанаўліваецца абавязковая наяўнасць арганізацыйных структур ва ўсіх абласцях і Мінску, а таксама не менш як у адной трэці раёнаў кожнай з абласцей і не менш як у адной трэці раёнаў Мінска.

Міністэрства юстыцыі на працягу шасці месяцаў пасля ўваходжання закона ў сілу павінна перарэгістраваць палітычныя партыі. Дзейнасць партый, якія не прайшлі перарэгістрацыю і не прынялі рашэнне аб ліквідацыі, будзе спынена Вярхоўным судом.

Прадстаўнікі дэмакратычных сілаў упэўненыя, што не лаяльныя рэжыму партыі перарэгістрацыю не пройдуць.

Падзяліцца: