be
Arrow
Мінск 16:17

Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў калоніі, трое яго калег-праваабаронцаў — на тэрміны ад 7 да 9 гадоў

3 сакавіка, BPN. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру 2022 года, заснавальнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі асуджаны на 10 гадоў калоніі, паведамляюць дзяржаўныя СМІ.

На пасяджэнні суда Ленінскага раёна Мінска 3 сакавіка суддзя Марына Запаснік таксама прыгаварыла намесніка старшыні “Вясны” і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча да 9 гадоў калоніі, каардынатара кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Уладзіміра Лабковіча — да 7.

Праваабаронца Дзмітрый Салаўёў, які знаходзіцца за мяжой, завочна асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі.

Варта адзначыць, што дзяржабвінаваўца Аляксей Кароль запытваў большыя тэрміны: Бяляцкаму — 12 гадоў, Стэфановічу — 11, Салаўёву — 10, Лабковічу — 9.

Фігурантаў справы абвінавачвалі ў кантрабандзе — незаконным перамяшчэнні праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага саюза ў буйным памеры наяўных грашовых сродкаў арганізаванай групай (ч. 4 арт. 228 КК) і фінансаванні групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 2 арт. 342).

Згаданых праваабаронцаў, акрамя Салаўёва, затрымалі 14 ліпеня 2021 года паводле абвінавачання ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (арт. 243 КК). У верасні 2022 года справа па гэтым артыкуле была спынена, але праваабаронцам выставілі абвінавачанне паводле арт. 228 і 342 КК.

У дачыненні да Салаўёва, які пакінуў краіну, распачалі спецыяльную вытворчасць, крымінальную справу ў дачыненні да яго далучылі да справы астатніх “вясноўцаў”.

7 кастрычніка 2022 года Бяляцкі разам з праваабарончымі арганізацыямі “Мемарыял” (Расія) і “Цэнтр грамадзянскіх свабод” (Украіна) быў абвешчаны лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру.

Падзяліцца: