be
Arrow
Мінск 11:25

Члены Савета Еўропы павінны забяспечваць эквівалентны ўзровень абароны беларусаў у выгнанні, лічыць спецдакладчык па гэтым пытанні

18 чэрвеня, BPN. Ліквідацыя юрыдычных, адміністрацыйных і практычных перашкод, з якімі сутыкаюцца беларусы ў выгнанні, павінна быць прыярытэтам для дзяржаў-членаў Савета Еўропы, паколькі “дэмакратычная і бяспечная Беларусь з’яўляецца часткай вырашэння праблемы бяспекі ў Еўропе”, гаворыцца ў праекце дакладу члена ПАСЕ, дакладчыка па вывучэнні праблем беларусаў у выгнанні Поля Галя (Люксембург), які плануецца прадставіць у на сесіі Асамблеі ў Страсбургу 20 чэрвеня.

“Беларусаў, якія пакінулі сваю краіну пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у жніўні 2020 года, вымусіў да гэтага рэжым Лукашэнкі, — адзначыў парламентарый. — Хоць іх галоўным жаданнем з’яўляецца вяртанне ў дэмакратычную Беларусь, чым больш часу праходзіць, тым больш аддаленай здаецца гэтая перспектыва”.

На яго думку, нельга ігнараваць той факт, што дэмакратычныя сілы “імкнуцца стварыць “новую Беларусь” у выгнанні”: “варта падтрымліваць іх намаганні па змякчэнні праблем, з якімі сутыкаюцца іх суайчыннікі. У той жа час інтэграцыя беларусаў у выгнанні ў прымаючыя грамадства застаецца ключом да прадухілення гетаізацыі і псіхалагічнага адчужэння”.

Галь лічыць, што ўсе 46 дзяржаў — членаў Савета Еўропы павінны забяспечваць “эквівалентны, калі не ўніфікаваны ўзровень абароны беларусаў у выгнанні, дазваляючы ім інтэгравацца, захоўваючы пры гэтым і ўмацаванне іх нацыянальнай ідэнтычнасці”.

“Вельмі нешматлікія беларусы ў выгнанні звярнуліся з просьбай аб наданні статусу ўцекача, бо яны не хочуць разрываць свае сувязі з роднай краінай, якую яны пакінулі не на свой выбар”, — падкрэсліў дакладчык.

Ён удакладніў, што ў Польшчы, дзе дзейнічае “вельмі ліберальны рэжым прадастаўлення міжнароднай абароны”, з 9 жніўня 2020 года па 31 снежня 2022 года па міжнародную абарону звярнуліся 5.775 беларусаў: “гэта складае ўсяго 5% беларусаў, якія звяртаюцца па розныя віды віду на жыхарства ў Польшчы. Больш за 99% запытаў былі прынятыя, а тыя, што былі адхіленыя, былі заснаваныя на меркаваннях бяспекі. Польшча зарэгістравала каля 70% зваротаў па абарону ў Еўропе ад беларускіх грамадзян. Літва і Германія прынялі прыкладна па 10% астатніх запытаў”.

Галь падкрэсліў, што падчас чакання міжнароднай абароны, як правіла, праца ў краіне не дазваляецца.

“У дарагой для беларусаў Літве некаторыя вымушаныя выкарыстоўваць нелегальныя спосабы заробку, каб выжыць падчас працэдуры атрымання статусу ўцекача, якая займае больш за год, нягледзячы на іх жаданне выконваць закон і плаціць падаткі”, — сказаў ён.

Падзяліцца: