Мінск 10:44

Літоўскі і беларускі нацыянальныя наратывы не схільныя бачыць адзін аднаго, гэта трэба вырашаць — гісторык Паташэнка

2 кастрычніка, Позірк. У шырокім сэнсе “літвінізм” выступае “формай беларускага гістарычнага наратыву” і з’яўляецца “натуральнай і непазбежнай рэччу”, лічыць дацэнт кафедры тэорыі гісторыі і гісторыі культуры гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта Рыгор Паташэнка.

2 кастрычніка навуковец узяў удзел у дыскусіі пра “літвінізм”, якую правёў у сейме Літвы парламенцкі Камітэт будучыні.

“Неабходна пагадзіцца з тым, што ў нас агульная гісторыя, а пра прапорцыі [ролі літоўцаў і беларусаў у ёй] можна дыскутаваць”, — сказаў ён.

У вузкім сэнсе, паводле слоў Паташэнкі, “літвінізм” з’яўляецца “адной з разнавіднасцяў беларускага этнацэнтрызму”, у якога “маюцца розныя варыянты — ад умеранага да крайняга”.

Умераны варыянт кажа, што “папярэднікі беларусаў — русіны — складалі значную частку” Вялікага Княства Літоўскага, а само ВКЛ з’яўляецца “важнай часткай развіцця беларускага народа”. Прыхільнікі “крайняга літвінізму”, сказаў навуковец, сцвярджаюць, што беларусы былі “асноўнымі стваральнікамі” княства, “прэтэндуюць на асноўныя сімвалы і спадчыну ВКЛ”.

Разам з тым, паводле яго слоў, у Беларусі зараз дамінуе “прасавецкі наратыў з папераменным паваротам да ВКЛ, праваслаўя, “дапамогі” Масквы”.

“Існуе і трэці беларускі наратыў — канструктывісцкі ці мультыперспектыўны наратыў, што цяпер фармуецца. <…> Для беларускай самасвядомасці зараз характэрна шматмернасць і разнастайнасць. Ёсць падставы казаць, што беларусы рухаюцца ў бок больш сучаснай і ўсёабдымнай грамадзянскай ідэнтычнасці, а гэта аслабляе стэрэатыпнае мысленне, што Беларусь затрымалася ў прамежкавай фазе з пункту гледжання ідэнтычнасці”, — сказаў Паташэнка.

Літоўцы, заявіў ён, “неаднолькава ацэньваюць” розныя праявы “літвінізму”. Некаторыя лічаць “умераны літвінізм” “нацыянальнай з’явай” і падкрэсліваюць “роднасць літоўскага і беларускага народаў, іх 500-гадовае гістарычнае суіснаванне, агульнасць культур і ўзаемапранікненне”.

Ёсць тыя, хто лічыць “літвінізм” “даволі маргінальнай псеўдаістарэаграфічнай і ў той жа час небяспечнай ідэяй, якая не мае істотнага ўплыву”. Іншыя “схільныя ставіцца крытычна”, асабліва да “крайніх форм літвінізму”, разглядаючы дэклараваныя імі “тэрытарыяльныя прэтэнзіі пагрозай з Усходу і інструментам аўтарытарных рэжымаў”.

“Літвінізм”, сцвярджае Паташэнка, характэрны для празаходне настроеных беларусаў-эмігрантаў. У самой жа Беларусі дамінуе “неасавецкі наратыў” з “пэўнымі элементамі нацыянальнага”, якім “схільны кіравацца і маніпуляваць” рэжым Аляксандра Лукашэнкі. На думку навукоўца, цяпер у Беларусі “набірае сілу іншы нацыянальны наратыў — экспансія на Захад, мара пра раздзяленне свету”, у якім краіна “заняла б належнае месца”. “Гэта нагадвае заходнерусізм і панславянскі ідэалагізм, гэта не “літвінізм”, — падкрэсліў ён.

Навуковец заявіў, што літоўскі і беларускі наратывы — “асабліва іх кансерватыўныя версіі” — “дрэнна камунікуюць паміж сабой, не схільныя бачыць і чуць адзін аднаго”. “Гэта самая галоўная праблема нацыянальнага этнацэнтрызму. <…> Мы павінны думаць, як вырашыць гэтую праблему. <…> Нацыянальныя наратывы вельмі жыццяздольныя, яны захаваюцца. Гэта праблема, але іншага характару — культурнай камунікацыі. Мы маем тры асноўныя задачы — зразумець [адзін аднаго], крытыкаваць неасавецкі беларускі наратыў, шукаць кропкі судакранання з беларускім нацыянальным наратывам і разам з тым стымуляваць шматперспектыўны пункт гледжання на гістарыяграфію”, — падсумаваў Паташэнка.

Падзяліцца: