Мінск 18:30

Латушка: За тры гады ахвярамі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі сталі не менш за 136 тыс. чалавек

Фота: тэлеграм-канал Латушкі

10 лістапада, Позірк. З траўня 2020 года да траўня 2023-га ахвярамі злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі сталі не менш за 136 тыс. чалавек, заявіў 10 лістапада на канферэнцыі “Эстонія — Беларусь” у Таліне намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка.

Паводле слоў палітыка, гэтая інфармацыя разам з фактамі “злачынстваў супраць украінскіх дзяцей, ваенных злачынстваў” перадаецца ў Міжнародны крымінальны суд (МКС).

“Пакуль злачынец Аляксандр Лукашэнка, ваенны злачынец, чалавек, адказны за злачынствы супраць чалавечнасці, не будзе стаяць пад пагрозай адказнасці, дэмакратыя ў Беларусі не пераможа. Таму стратэгія на сённяшні дзень — зрабіць усё, каб на падставе сабраных матэрыялаў прыцягнуць Лукашэнку да адказнасці”, — сказаў Латушка.

На думку палітыка, для гэтага неабходная “палітычная воля”. “Зрабіце адзін крок”, — заклікаў ён еўрапейскіх палітыкаў.

“Гэта тэст. Тэст на дэмакратыю. Тэст, які праходзіць не толькі беларускі народ, але і Еўрапейскі саюз. Калі на прыкладзе Беларусі ЕС, еўрапейская дэмакратыя яго не пройдзе, ці будзе вера ў беларусаў у дэмакратыю? Ці будуць гэтыя перспектывы змяненняў у 2025-м? Дэмакратыя не пераможа, пакуль не наступіць адказнасць”, — падкрэсліў Латушка.

У сакавіку 2023 года МУС выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і дзіцячага амбудсмена Марыі Львовай-Бяловай у сувязі з незаконным перамяшчэннем дзяцей з акупаваных РФ тэрыторый Украіны. Беларускія дэмакратычныя сілы дамагаюцца таго, каб суд на тых жа падставах выдаў такі ж ордэр на Лукашэнку і іншых падазраваных у аналагічных дзеяннях.

У чэрвені НАУ перадало ў МКС дакументы з “доказамі ваенных злачынстваў” рэжыму ў Мінску, у тым ліку па перамяшчэнні дзяцей. У іх фігуруюць Аляксандр Лукашэнка, дзяржсакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў, кіраўнік “Беларуськалія” і член Савета Рэспублікі Іван Галаваты, матывацыйны спікер, паралімпіец Аляксей Талай, а таксама дырэктар Данецкай грамадскай арганізацыі для дзяцей-інвалідаў і іх бацькоў “Дэльфіны” Вольга Волкава.

Паводле звестак праваабаронцаў, падчас масавых пратэстаў з пачатку перадвыбарчай кампаніі ў 2020 годзе за ўдзел у вулічных акцыях у Беларусі было затрымана больш за 35 тыс. чалавек.

Супрацоўнікі сілавых ведамстваў пры разгоне дэманстрацый у розных гарадах актыўна выкарыстоўвалі спецыяльную тэхніку, у тым ліку вадамёты, светлашумавыя гранаты, гумовыя кулі. У дачыненні да затрыманых ужываліся гвалт і катаванні.

Дзейнічае Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Арганізацыі, якія ўваходзяць у яго, задакументавалі каля 1,8 тыс. выпадкаў іх прымянення.

Падзяліцца: