Мінск 07:22

Недахоп грошай зазнае 15,1% пенсіянераў, некаторым не хапае сродкаў на ежу — Інстытут сацыялогіі

17 лістапада, Позірк. У Беларусі матэрыяльныя цяжкасці зазнае 15,1% пенсіянераў, а 2% не хапае сродкаў нават на ежу — гэта вынікі даследавання Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук, прадстаўленыя на прэс-канферэнцыі 17 лістапада ў Мінску.

Тэлефоннае апытанне 600 чалавек ва ўзросце 58 гадоў і больш было праведзена ў ліпені — жніўні 2023 года.

Паводле слоў кіраўніка інстытуцкага цэнтра аператыўных даследаванняў Аляксандра Бельскага, каля траціны апытаных заявіла пра адсутнасць праблем. Пра праблемы са здароўем паведаміла 37,1% рэспандэнтаў, недахоп зносін — 12,8%, праблемы ва ўзаемаадносінах са сваякамі — 6,5%, дрэнныя умовах пражывання — 4,8%.

Сярэднім сваё матэрыяльнае становішча назвала 54,8% апытаных, добрым — 32,7%, дрэнным — 10,9%. “Мы можам казаць, што забяспечанасць пажылых грамадзян дастатковая, каб яны прадуктыўна падтрымлівалі пэўны ўзровень жыццядзейнасці”, — заявіў Бельскі.

Паводле яго слоў, 75,4% удзельнікаў апытання паведамілі, што маюць адзіную крыніцу даходаў — пенсію, 10% дапамагаюць дзеці або іншыя сваякі, 8,7% яшчэ працуе. Каля 3% рэспандэнтаў атрымлівае дадатковыя выплаты ад прадпрыемстваў, грамадскіх арганізацый або маюць даход ад асабістай падсобнай гаспадаркі.

Большасць удзельнікаў апытання (78,6%) “задавальняе іх жыццё”, а 15% “не задавальняе”, 6,4% не далі рады з адказам.

“Беларускія пенсіянеры не адчуваюць сябе ў сацыяльнай ізаляцыі, людзьмі другога гатунку, — сцвярджае Бельскі. — Згодна з пераважным пунктам гледжання, людзі лічаць, што да іх ставяцца добра (45,7% адказаў) і нейтральна (32,8%). Адпаведна, выходзячы на пенсію, людзі не адчуваюць ніякай дыскрымінацыі ў сувязі з гэтым. Яны могуць працягнуць сваю працоўную дзейнасць да пэўнага перыяду, колькі ім будзе неабходна. Могуць не працягваць, прысвяціўшы сябе дзецям, унукам. На гэтым этапе жыцця іх актыўнасць не заканчваецца, яна трансфармуецца”.

Стан інфраструктуры ў сваім населеным пункце ўдзельнікі апытання ацанілі на 3 балы і больш з 5. “Пенсіянеры ацанілі на 4,4 бала асартымент лекавых прэпаратаў і харчовых тавараў. Праца грамадскага транспарта не выклікае нараканняў. Вялікую занепакоенасць выклікае праца ЖКГ і якасць дарог”, — паведаміў прадстаўнік Інстытута сацыялогіі.

Вельмі добрым сваё здароўе лічыць 4,2% апытаных, дрэнным — 8,6%. Астатнія або не адказалі на пытанне, або лічаць здароўе сярэднім. У ліку стратэгій падтрымкі стану здароўя рэспандэнты назвалі “датрыманне рэкамендацый урача”, “жвавы лад жыцця”, “правільнае харчаванне”, “рэгулярны медагляд” і настрой “менш нервавацца”. Ніяк не ўплывае на сваё здароўе 3,6% апытаных.

Паводле даных даследавання, 66,4% ўдзельнікаў апытання задаволеныя, а 25,6% не задаволеныя якасцю медабслугоўвання па месцы жыхарства, астатнія не адказалі на гэта пытанне.

“Людзей не задавальняе працяглае чаканне прыёму ў спецыяліста (26,4%), — патлумачыў намеснік дырэктара па навуковай і інавацыйнай рабоце Інстытута сацыялогіі Мікалай Сухоцкі. — Здавалася б, людзі пенсійнага ўзросту мусяць ўмець чакаць, павінны выседжваць даўжэй, але не. На адсутнасць неабходных спецыялістаў паказалі 25%. Адсутнасць спецыялістаў вузкага профілю — асабліва ў сельскай мясцовасці і малых гарадах — заўсёды выклікае напружанне. Тут нават без сацапытанняў зразумела, гэтая праблема вядомая медыкам і Міністэрству аховы здароўя”.

Сухоцкі заявіў пра асаблівасці пацыентаў сталага веку, сярод якіх вылучыў “крыўдлівасць, жаданне паразмаўляць, часам доўга”. Ён адзначыў, што ўдзельнікі апытання лічаць неабходным арганізаваць цэнтры для прыёму сталых людзей і ўвесці для іх асобны дзень прыёму ў паліклініках.

Падзяліцца: