Мінск 09:18

Лукашэнка даручыў вайскоўцам “узмацніць пільнасць” у перыяд навагодніх святаў

Фота: belarus.kp.ru

31 снежня, Позірк. Заслухаўшы даклады кіраўнікоў сілавых ведамстваў, Аляксандр Лукашэнка даручыў вайскоўцам “узмацніць пільнасць”, каб “грамадзяне Беларусі маглі спакойна адзначаць навагоднія святы”, паведаміла 31 снежня яго прэс-служба.

Адпаведнае распараджэнне ён аддаў пасля справаздачы міністра абароны Віктара Хрэніна, які “далажыў галоўнакамандуючаму аб абстаноўцы і сітуацыі вакол Беларусі”, у тым ліку “на мяжы з сумежнымі дзяржавамі”.

Адзначаецца, што старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель даў справаздачу перад Лукашэнкам “аб аператыўнай абстаноўцы, якая складваецца вакол Беларусі, а таксама сітуацыі ўнутры краіны”.

“У першую чаргу ў цэнтры ўвагі супрацоўнікаў ведамства знаходзяцца пытанні забеспячэння бяспекі грамадзян у частцы, якая тычыцца сферы адказнасці камітэта. Ведамства працуе ва ўзмоцненым рэжыме сумесна з калегамі з іншых сілавых структур”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі.

Аб “крымінагеннай сітуацыі, прафілактычных мерапрыемствах, якія праводзяцца, і рабоце па забеспячэнні грамадскай бяспекі ў перадсвяточныя і святочныя дні” далажыў кіраўнік Міністэрства ўнутраных спраў Іван Кубракоў. Яму даручана “забяспечыць пераход ва ўзмоцнены рэжым нясення службы ўсіх падраздзяленняў, унутраных войскаў і цэнтральнага апарату міністэрства”.

У сваю чаргу старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэта Канстанцін Моластаў у дакладзе “зрабіў акцэнт на ўзмацненні аховы дзяржаўнай мяжы”. “Улічваючы вострую сітуацыю ў суседніх краінах, памежнікі, нягледзячы на святочныя дні, у поўным аб’ёме выконваюць мерапрыемствы па ахове мяжы, спыненні спробаў супрацьпраўных дзеянняў. Гэтая праца праводзіцца ў тым ліку ва ўзаемадзеянні з праваахоўнымі органамі, ваеннымі, органамі ўлады і насельніцтвам на месцах”, — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі азнаёміў Лукашэнку “з прадпрымаемымі мерамі па папярэджанні надзвычайных сітуацый”, у тым ліку”з акцэнтам на супрацьпажарную бяспеку і іншыя пытанні забеспячэння жыццядзейнасці грамадзян у рамках профільных напрамкаў ведамства”.

Падзяліцца: