Мінск 20:47

Праваабаронцы Article 19 запатрабавалі вызвалення медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і яго жонкі Ірыны Злобінай

Калаж: "Белсат"

12 студзеня, Позірк. У трэцюю гадавіну затрымання медыяменеджара Андрэя Аляксандрава і яго жонкі Ірыны Злобінай брытанская праваабарончая арганізацыя Article 19 запатрабавала вызвалення іх і ўсіх беларускіх палітвязняў.

У заяве Article 19 узгадваюцца падрабязнасці затрымання Аляксандрава і Злобінай, інфармацыя аб прад’яўленых ім абвінавачваннях і прысудзе.

Супрацоўніца арганізацыі Джаана Шыманска адзначае, што “Андрэй — перакананы прыхільнік свабоды прэсы, які раней працаваў з арганізацыямі, якія займаюцца пытаннямі свабоды выказвання меркаванняў, а таксама ў журналістыцы, у тым ліку ў якасці калегі ў Article 19”. Праваабаронца адзначае, што Аляксандраву “спрабавалі адпраўляць лісты, але апошні адказ ад Андрэя датаваны 2021 годам”. На яе думку, гэта можа сведчыць пра тое, што “ён не атрымлівае нашы лісты”, паколькі “з такой сітуацыяй сутыкаюцца многія палітвязні ў Беларусі”. Нягледзячы на гэта, адзначае Шыманска, “нашы думкі нязменна з Андрэем і Ірынай, і мы працягнем нашу працу па іх вызваленні”.

Article 19 падкрэслівае, што трэцяя гадавіна затрымання Аляксандрава і Злобінай супадае з судовым працэсам над відэааператарам Аляксандрам Зянковым, які “быў арыштаваны ў чэрвені 2023 года і абвінавачаны ў экстрэмісцкай дзейнасці”.

Аляксандраў і Злобіна былі затрыманыя 12 студзеня 2021 года. 6 кастрычніка 2022 года Мінскі абласны суд (суддзя Вячаслаў Тулейка, уключаны ў санкцыйныя спісы дэмакратычных краін Захаду) прыгаварыў медыяменеджара да 14 гадоў пазбаўлення волі, яго жонку — да 9.

Аляксандраў быў абвінавачаны ў стварэнні “экстрэмісцкага фарміравання” (ч.1 арт. 3611), “здрадзе дзяржаве” (арт. 356), нявыплаце падаткаў у буйным памеры (ч. 2 арт. 243), падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках (ч. 2 арт. 342) Крымінальнага кодэкса, што выяўлялася ў пагашэнні штрафаў удзельнікам пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Злобіна абвінавачвалася ў “здрадзе дзяржаве” і падрыхтоўцы грамадзян для ўдзелу ў беспарадках. Першы аштрафаваны на 1.000 базавых велічынь (на той момант 32 тыс. рублёў), другая — на 800 (25,6 тыс.).

Аляксандраў утрымліваецца ў наваполацкай папраўчай калоніі №1, раней вылучаў медзь з кабеляў, цяпер у цэху дрэваапрацоўкі збівае паддоны. Злобіна адбывае тэрмін у гомельскай жаночай калоніі, працуе ў швейным цэху, атрымала 4-ы разрад (пашыў вырабаў сярэдняй складанасці).

1 верасня 2022 года Аляксандраву і Злобінай далі магчымасць аформіць шлюб у СІЗА №1 (Мінск). Перапіска паміж імі дазволена.

Інфармагенцтва БелаПАН, дзе Аляксандраў працаваў у 2014–2018 гадах, 1 лістапада 2021 года рашэннем КДБ прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”, стаўшы першым СМІ ў такім статусе. Кампанія працавала з 1991 года.

Article 19 — заснаваная ў 1987 годзе брытанская праваабарончая арганізацыя, дзейнасць якой накіраваная на абарону і садзейнічанне свабодзе выказвання меркаванняў і свабодзе інфармацыі. Арганізацыя атрымала сваю назву ў гонар 19 артыкула Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека, які абвяшчае: “Кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на свабоднае выказванне іх; гэта права ўключае свабоду бесперашкодна прытрымлівацца сваіх перакананняў і свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзяржаўных межаў”.

Падзяліцца: