Мінск 09:23

Расійскія інвестары накіравалі Мінфіну Беларусі апавяшчэнне пра дэфолт

Фота: tut.by

23 студзеня, Позірк. Расійскія інвестары, якія валодаюць беларускімі еўрабондамі, накіравалі міністру фінансаў Беларусі Юрыю Селіверставу апавяшчэнне пра дэфолт, піша РБК.

Гаворка пра восем фізічных асоб і пяць кампаній, якія трымаюць каштоўныя паперы выпускаў Belarus 2023, Belarus 2026, Belarus 2027, Belarus 2030 і Belarus 2031 на суму 178 млн долараў.

“Дэфолт Рэспублікі Беларусь па пазначаных вышэй еўрааблігацыях стаў вынікам невыканання Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальным банкам Рэспублікі Беларусь сваіх абавязацельстваў па пагашэнні пазначаных вышэй еўрааблігацый і/або выплаце працэнтных купонаў па іх”, — гаворыцца ў апавяшчэнні.

Інвестары заклікалі ўрад і Нацбанк “выканаць свае абавязацельствы”, што, як яны мяркуюць, “дазволіць у далейшым захаваць цікавасць і давер да знешніх публічных запазычанняў Рэспублікі Беларусь”.

Паводле слоў прадстаўніка заяўнікаў — юрыста фірмы “Рыбалкін, Гарцунян, Дзякін і партнёры” Уладзіміра Пястрыкава, апавяшчэнне аб дэфолце “пададзена ў строгай адпаведнасці з нормамі права і эмісійнай дакументацыяй”.

Ён падкрэсліў, што сапраўднасць дэфолту “не залежыць ад згоды або нязгоды з ім” з боку Беларусі.

Калі канфліктная сітуацыя не вырашыцца, інвестары разглядаюць магчымасць звярнуцца ў Лонданскі міжнародны трацейскі суд (LCIA).

З 28 чэрвеня 2022 года Мінск пагашае даўгі па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, беларускімі рублямі. Плацяжы пералічваюцца на спецрахунак у “Беларусбанку”, з якога плацежнаму агенту прапанавана самастойна забіраць сродкі і разлічвацца з інвестарамі. У такіх умовах кампаніі Citigroup і Citibank адмовіліся выступаць агентамі ў дачыненні да беларускіх еўрабондаў.

Неўзабаве пасля гэтага міжнародныя рэйтынгавыя агенцтвы Fitch Ratings і Moody’s панізілі крэдытны рэйтынг Беларусі: першае заявіла, што дэфолт у краіне непазбежны, другое назвала сітуацыю дэфолтам. Мінфін Беларусі раскрытыкаваў гэтыя рашэнні, але выплаты па валютных абавязацельствах у рублях працягнуліся.

Напрыканцы 2023 года Мінск выкарыстаў новую схему выплат расійскім інвестарам па еўрабондах — праз Нацыянальны разліковы дэпазітарый РФ, але ўсё гэтак жа ў беларускіх рублях.

Паводле інфармацыі РБК, выплаты па такой схеме закрануць толькі адзін выпуск аблігацый — Belarus-2023 — і толькі тых інвестараў, якія набылі адпаведныя каштоўныя паперы да 6 верасня 2022 года. Па астатніх выпусках Мінфін плануе выплачваць купоны па еўрабондах адначасова з іх пагашэннем, а “не па раней зацверджаным графіку”. Такім чынам, выплаты купонаў, напрыклад, па Belarus-2031 будуць ажыццёўлены толькі ў 2031 годзе. У якасці альтэрнатыўнага варыянту Мінфін прапанаваў інвестарам выкупіць аблігацыі за 30% ад наміналу або абмяняць іх на лакальныя паперы з падобнымі параметрамі.

Раней кіраўнік Цэнтра Мізэса Яраслаў Раманчук, каментуючы наяўную сітуацыю, адзначыў: інвестары, якія працуюць з аўтарытарным рэжымам, павінны быць гатовыя да рызык, што звязаныя з “абсалютным самавольствам і беззаконнем”.

Раманчук: Расійскія трымальнікі беларускіх аблігацый "не разумеюць, у якой абсурднай сітуацыі знаходзяцца"

18 кастрычніка, Позірк. Плануючы падаць іск на Міністэрства фінансаў Беларусі ў Лонданскі суд, расійскія трымальнікі беларускіх дзяржаблігацый "не разумеюць, у якой абсурднай сітуацыі яны знаходзяцца", заявіў у каментары "Позірку" кіраўнік Цэнтра Мізеса Яраслаў Раманчук. “Абсалютна ніякай пэрспэктывы ў гэтым няма. …
Падзяліцца: