Мінск 00:10

У дзень народзінаў Эдуарда Бабарыкі Ціханоўская заклікала падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і

Эдуард і Віктар Бабарыкі (злева направа)
Фота: сацсеткі каманды Віктара Бабарыкі

30 студзеня, Позірк. З заклікам падтрымліваць палітвязняў і іх сем’і выступіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 30 студзеня — у дзень народзінаў палітвязня Эдуарда Бабарыкі, якому споўнілася 34 гады.

“Чацвёрты год Эдуард Бабарыка сустракае дзень народзінаў за кратамі — ва ўмовах, што немагчымыя ў сучасным свеце, — напісала палітык у сваім тэлеграм-канале. — Замест абдымкаў блізкіх — халодная камера і немагчымасць убачыць сям’ю. Замест цеплыні і клопату — забарона на перапіскі і медыцынскую дапамогу. Замест падарункаў і пажаданняў — ізаляцыя і адсутнасць юрыдычнай абароны. Гэта не проста боль асобна ўзятага чалавека. Гэта рэальнасць для сотняў палітвязняў, якіх наўмысна і цынічна забівае рэжым Лукашэнкі”.

Паводле слоў Ціханоўскай, дзень народзінаў за кратамі — гэта “жорсткі напамін пра кошт, які людзі плацяць за імкненне да свабоднай Беларусі”. “Кажучы сёння пра Эдуарда, я кажу пра ўсіх нашых палітвязняў. Пішыце ім лісты, падтрымлівайце іх сем’і, дзяліцеся іх гісторыямі і распавядайце праўду пра тое, што адбываецца”, — заклікала яна неабыякавых людзей.

Палітык паабяцала працягнуць барацьбу за кожнага палітвязня: “Разам з палітыкамі — яны кожны дзень будуць узнімаць гэтую праблему на міжнароднай арэне і заклікаць да дзеяння. Разам з медыя — яны распавядуць пра лёсы людзей і не дазволяць затрыманням з выракамі стаць нечым штодзённым. Рука аб руку з беларусамі — яны паклапоцяцца пра сем’і і блізкіх палітвязняў”.

На думку дэмлідара, толькі сумеснымі намаганнямі можна зрабіць так, “каб дні народзінаў былі нагодай выключна для радасці, а слова “палітвязень” назаўжды засталося ў мінулым”.

Эдуард Бабарыка — экс-кіраўнік краўдфандынгавых платформаў Ulej і MolaMola. Ён з’яўляецца сынам былога банкіра, прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі (палітвязень, асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму). Да затрымання 18 чэрвеня 2020 года кіраваў ініцыятыўнай групай па зборы подпісаў за вылучэнне бацькі кандыдатам у прэзідэнты.

Мужчына прабыў у следчым ізалятары больш за тры гады. 5 ліпеня 2023 года Мінскі абласны суд прыгаварыў яго да 8 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Суддзя Уладзімір Арэшка прызнаў Бабарыку-малодшага вінаватым паводле ч. 3 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў), ч. 6 арт. 16 і ч. 1 арт. 342 (саўдзел у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 6 арт. 16 і ч. 3 арт. 130 (саўдзел у распальванні расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) Крымінальнага кодэкса.

У снежні 2023 года МУС унесла мужчыну ў пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, а КДБ — у спіс асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Падзяліцца: