Мінск 05:40

Еўрадэпутат Аўштравічус аб “пашпарце новай Беларусі”: Мы павінны як мага хутчэй знайсці практычнае рашэнне

Фота: wikimedia.org / Martynas16

15 верасня, Позірк. “Да запытаў дэмакратычнай апазіцыі Беларусі трэба паставіцца вельмі сур’ёзна. Думаю, мы павінны як мага хутчэй знайсці практычнае рашэнне”, — сказаў дэпутат Еўрапарламента ад Літвы і пастаянны дакладчык па Беларусі Пятрас Аўштравічус 15 верасня ў эфіры Delfi, адказваючы на пытанне аб перспектывах праекта “пашпарта новай Беларусі”.

Ён зазначыў, што беларускіх эмігрантаў улады змушаюць іх прыехаць у Беларусь для падаўжэння дзеяння або замены дакументаў.

“Выклікае пытанне, колькі людзей зможа пасля візіту на радзіму вярнуцца за мяжу, — зазначыў Аўштравічус. — Гэта капкан, гэта хітры ход Аляксандра Рыгоравіча (Лукашэнкі — Позірк”.)”.

Пры гэтым, сказаў дэпутат, “дэмакратычная апазіцыя не з’яўляецца дэ-юрэ тэрытарыяльнай адзінкай”, і ў бліжэйшы час тут не прадбачыцца змен.

Ён выказаў меркаванне, што вырашэннем праблемы маглі б стаць “нейкія гарантыі з боку Літвы, Польшчы, якія знайшлі б магчымасць правяраць людзей, мець сістэму даных аб іх і выдаваць ім пэўныя пашпарты”.

Дэпутат падкрэсліў, што гэта павінна быць дзяржаўнае крэатыўнае рашэнне, і “было б лагічна, калі б Літва з Польшчай супрацоўнічалі па гэтых пытаннях”.

“Трэба знайсці магчымасць вызначыць групу людзей — тых, хто не можа па палітычных ці іншых прычынах вяртацца ў Мінск і атрымліваць пашпарты. Намеры нашыя добрыя, думаю, мы знойдзем выхад. Нам патрэбны доўгатэрміновыя рашэнні, якія могуць стаць прэцэдэнтам або пачаткам для іншых рашэнняў,” таму што мы будзем сутыкацца з гэтымі сітуацыямі на працягу доўгага часу. Нам трэба падумаць на прававой і палітычнай аснове і выйсці з добрай прапановай”, — дадаў палітык.

Аўштравічус выказаў меркаванне, што не варта заплюшчваць вочы на праблему, таму што яна вялізная: Вы ўявіце сабе людзей, якія не толькі пакінулі свае дамы і сваю краіну, але не маюць ніякай прававой асновы (на пражыванне ў краіне знаходжання — Позірк”.)?” Якое ў іх самаадчуванне? Не дай, божа”.

Пры гэтым Аўштравічус настойвае, што беларускі рэжым павінен несці адказнасць за свае дзеянні. Ён згадаў рэзалюцыю, прынятую па выніках пленарнага пасяджэння ў Страсбургу 13 верасня Еўрапейскім парламентам (ЕП), у якой змяшчаецца заклік да Міжнароднага крымінальнага суда (МУС) “разгледзець магчымасць” выдачы ордэра на арышт Аляксандра Лукашэнкі.

7 верасня набыў моц указ Лукашэнкі ад 4 верасня № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”. Ён пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы. Скасавана права консульстваў удзельнічаць у працэдуры адчужэння маёмасці, у тым ліку нерухомасць і аўтамабілі. Такія здзелкі можна будзе здзяйсняць пры асабістай яўцы ў адпаведныя дзяржорганы або на падставе даверанасці, аформленай на тэрыторыі Беларусі (раней такія даверанасці афармляліся ў дыппрадстаўніцтвах).

Падзяліцца: