Мінск 08:28

Кіраўніцтву справамі прэзідэнта варта ўзяцца за вытворчасць лыжаў і музынструментаў, лічыць Лукашэнка

Фота: sb.by

2 лютага, Позірк. Не ўсе арганізацыі Кіраўніцтва справамі прэзідэнта (КДП) працуюць добра, заявіў Аляксандр Лукашэнка 2 лютага на сустрэчы з кіраўніком гэтага ведамства Юрыем Назаравым.

“Я ўважліва вывучыў вынікі працы арганізацый, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Адзінае, магу сказаць, каб за гэтымі агульнымі лічбамі мы бачылі і праблемы. Бо ёсць арганізацыі, якія працуюць не так паспяхова, якім трэба больш сур’ёзную ўвагу надаць”.

У цэлым ён назваў вынікі працы прадпрыемстваў і арганізацый са структуры КДП “нядрэннымі”. “І фінансавыя вынікі — гэта добра, і па галінах: і сельская гаспадарка, і будаўніцтва, і “Белмастацпромыслы”. Усе раней лічылі, што Упраўленне справамі — гэта сабраў прынадныя кавалкі — і жыццё ў шакаладзе. Не. Чаго варты канцэрн “Белмастацпромыслы”, — сказаў Лукашэнка.

Разам з тым, на яго думку, яшчэ маюцца кірункі, якімі КДП павінна заняцца: “Музычныя інструменты ды іншае”.

“Наша нацыя музычная, адукаваная ў гэтым плане, а мы ў асноўным купляем імпартнае, — заявіў Лукашэнка. — Нешта паспрабавалі ў Барысаве ўзнавіць быццам бы, на гэтым і заглухла. Гэта, канешне, пытанне дзяржаўнае, не толькі Кіраўніцтва справамі, але табе як дасведчанаму чалавеку трэба паглядзець і на дзяржаўныя арганізацыі, якія павінны падключыцца і зрабіць максімум, у прыватнасці для развіцця гэтага кірунку”.

Падобнай ён назваў сітуацыю ў сферы вытворчасці лыж і іншага спартыўнага інвентару на прадпрыемстве “Тэлеханы”.

“Таксама трэба абавязкова ўдасканальваць працу і выходзіць на больш высокі ўзровень, — лічыць Лукашэнка. — Мы ўсё ж адносна паўночная краіна, трэба, каб дзеткі, як і мы з табой некалі, займаліся на вуліцы. А вуліца сёння — гэта лыжы перш за ўсё. Трэба са школьных гадоў прывіваць ім гэтыя веды, досвед для таго, каб проста здаровыя людзі былі. А не сядзелі ў інтэрнэце і не тыркалі ў тэлефон”.

Яшчэ адзін кірунак, на які, паводле яго слоў, трэба звярнуць увагу, — праца сельгасарганізацый, асабліва з улікам таго, што “раней было прынята рашэнне пра будаўніцтва ў Магілёўскай вобласці новых магутнасцей па перапрацоўцы малака”.

“Трэба больш актыўна задзейнічаць базы захоўвання, якія ў Кіраўніцтва справамі маюцца, — адзначыў Лукашэнка. — Мы пра гэта ўжо казалі на прыкладзе “Александрыйскага”. Добрае сховішча пабудавана — летась ці пазалетась яны наогул пуставалі. Гэта не справа. Іх трэба прывесці ў парадак і ўвесь час там захоўваць. Не бульбу, а захоўваць яблык, іншыя пладова-ягадныя прадукты, якія можна выгадна прадаць”.

Рынак зараз, сцвярджае ён, “велізарны, неабсяжны”. “Расійскі рынак, Кітай просяць прадукты харчавання ва ўсё большых аб’ёмах. Чуў пра тое, што яны хочуць прасіць нас, каб мы пастаўлялі ім свініну. Адкрыюць пастаўкі. Таму рынкаў сёньня хапае, і даволі прэміяльныя. Нам у гэтым дачыненні трэба працаваць і раскручвацца”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Падзяліцца: