Мінск 11:29

Мінздароўя пачало разбірацца ў сітуацыі са смерцю нованароджанай у Мінску пасля звароту маці да Лукашэнкі

Скрыншот: відэазварот Кацярыны Сухарукавай у "Інстаграме"

3 лютага, Позірк. Міністэрства аховы здароўя пачало разбірацца ў сітуацыі са смерцю нованароджанай дзяўчынкі ў Мінску пасля таго, як яе маці звярнулася да Аляксандра Лукашэнкі.

31-гадовая жыхарка сталіцы Кацярына Сухарукава апублікавала на сваёй старонцы ў “Інстаграме” відэазварот, у якім папрасіла Лукашэнку “разабрацца па факце гібелі” яе дачкі, якая нарадзілася 17 студзеня 2024 года ў радзільным доме № 5 і памерла на наступны дзень.

Жанчына паведаміла, што, на думку ўрачоў, паказанняў для правядзення кесарава сячэння не было, нягледзячы на буйнасць плоду і зялёныя каляплодныя воды (прыкмета кіслароднай недастатковасці). Адмова праводзіць хірургічную аперацыю была аргументаваная тым, што кардыётокаграма “ў парадку, няма пагрозы жыццю дзіцяці, усе паказчыкі і аналізы ў парадку”.

“Хаця, на маю думку, адхіленні ў КТГ усё ж былі. Калі не было, то чаму дзіця мёртвае?” — адзначыла Сухарукава.

Яна падкрэсліла, што падчас цяжарнасці вяла здаровы лад жыцця, выконвала рэкамендацыі жаночай кансультацыі і з’явілася да ўрачоў у належны тэрмін.

Роды, як вынікае з апаведу маці, прайшлі вельмі цяжка, дзіця забралі ў рэанімацыю. Двойчы ў нованароджанай спынялася сэрца, у другі раз аднавіць яго працу не атрымалася. Урачы заявілі, што ў дзяўчынкі была цяжкая асфіксія — стан парушанага дыхання і недахопу кіслароду ў арганізме.

Сухарукава ў звароце заклікала прыцягнуць медперсанал да адказнасці, калі будзе выяўлены факт халатнасці.

3 лютага прэс-служба Мінздароўя заявіла, што ў ведамстве “працуе адмысловая камісія па пытанні аказання медыцынскай дапамогі парадзісе ў радзільным доме № 5 горада Мінска”.

“Сёння з мужам і жонкай сустрэўся міністр аховы здароўя Аляксандр Хаджаеў. Ён прынёс глыбокія спачуванні пары, распавёў пра тое, што ацэнку якасці аказання медыцынскай дапамогі супрацоўнікаў радзільнага дома, а таксама працу камісіі Камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама ацэніць Лячэбна-кантрольны савет пры Мінздароўя”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падзяліцца: