Мінск 20:58

У мінулым годзе доля апраўдальных прыгавораў у крымінальных працэсах вырасла да 0,14%

Фота: прэс-служба Вярхоўнага суда

20 лютага, Позірк. Доля апраўдальных прысудаў у крымінальных працэсах у 2023 годзе склала 0,14% (у 2022 — 0,09% у 2021 — 0,14%, у 2020-м — 0,2%), вынікае з даных Вярхоўнага суда.

У 2023 годзе суды апраўдалі 47 чалавек, у 2022-м — 33, у 2021 — 51 у 2020-м — 93.

Па выніках судовых разбіральніцтваў летась асудзілі 33.777 чалавек (годам раней —36.356, у 2021 — 36.356).

У тым ліку за злачынствы супраць жыцця і здароўя асудзілі 2.261 чалавека, з іх 237 за забойства (арт. 139 КК), 553 — за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147), 392 — менш цяжкага (арт. 149) і 400 — лёгкага (арт. 153).

522 чалавекі былі асуджаныя за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды, у тым ліку 66 — за згвалтаванне (арт. 166 КК), 139 — за гвалтоўныя дзеянні сексуальнага характару (арт. 167 КК).

За ўхіленне бацькоў ад утрымання дзяцей або ад кампенсацыі расходаў, затрачаных дзяржавай на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца або знаходзіліся на дзяржаўным забеспячэнні (арт. 174 КК) асуджаныя 5.629 чалавек.

За злачынствы супраць уласнасці прызнаны вінаватымі 12.888 чалавек, у тым ліку 8.368 асуджаныя за крадзеж.

1.396 чалавек асуджаныя за злачынствы супраць бяспекі руху і эксплуатацыі транспарту; 2.230 — за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі.

За злачынствы супраць парадку ўпраўлення асуджаны 1.271 чалавек. Вярхоўны суд не канкрэтызуе, па якіх канкрэтна артыкулах вынесены прыгаворы.

Да такіх злачынстваў адносяцца прадугледжаныя арт. 363 КК (супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў або іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак) і арт. 364 (гвалт або пагроза прымянення гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў). Паводле ўказаных артыкулаў асуджаюць у тым ліку і паводле палітычных матываў.

Пазбаўленне волі на пэўны тэрмін было прызначана 7.726 асуджаным, абмежаванне з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу — 1.623, без накіравання — 7.008.

Два чалавекі былі асуджаныя на пажыццёвае пазбаўленне волі, адзін (Аляксандр Таратута) прысуджаны да смяротнага пакарання.

Падзяліцца: