Мінск 21:00

Лукашэнка: Найважнейшы аспект — спыненне дзеянняў адмарозкаў і прафілактыка аблудных

Фота: прэс-служба Лукашэнкі

20 лютага, Позірк. “Мы павінны быць максімальна гатовыя да нейтралізацыі рызык і пагроз. Для гэтага неабходна забяспечыць рашэнне першачарговых задач”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лютага на нарадзе з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі.

“Узяць на асаблівы кантроль рэалізацыю сістэмных мер па павышэнні абараназдольнасці краіны, падтрыманні баявога патэнцыялу ўсіх суб’ектаў ваеннай арганізацыі дзяржавы”, — так Лукашэнка сфармуляваў першую задачу (цытуецца па паведамленні прэс-службы).

Паводле яго слоў, “далі свае вынікі праведзеныя сумесныя заняткі з падраздзяленнямі Узброеных сіл Расіі і ПВК “Вагнер”, у сувязі з чым Мінабароны неабходна ў 2024 годзе “якасна пераўтварыць” войска для ўдасканалення сістэмы.

Другой задачай Лукашэнка назваў забеспячэнне бяспекі і непрыступнасці межаў, трэцяй — рэагаванне на “акты тэрарызму з боку тэрарыстычных арганізацый і незаконных узброеных фарміраванняў”.

“Нашы збеглыя (так Лукашэнка называе прадстаўнікоў дэмакратычных сіл, якія дзейнічаюць у вымушанай эміграцыі. — Позірк“.) і іх куратары ад спецслужбаў [краін Захаду] вядуць мэтанакіраваны пошук і вярбоўку асоб, якія могуць здзейсніць тэракты і дыверсіі. Фактаў хапае. Гэта добра, што тэрарысты ўстаноўленыя і затрыманыя. Але паўстае пытанне: калі ў нас мяжа на замку, як гэтыя баевікі змаглі даставіць сродкі паражэння і арганізаваць схроны?” — сказаў Лукашэнка.

Забеспячэнне “найвышэйшага ўзроўню кібербяспекі краіны” — чацвёртая задача, якую сфармуляваў Лукашэнка. Пятая — бяспека людзей, якія, паводле яго слоў, “павінны адчуваць сябе ў бяспецы дома, на працы, на вуліцы ў любы час сутак”.

“Як мне дакладваюць, прынятыя дадатковыя меры па аператыўным раскрыцці злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці. Сёння гэта найважнейшы аспект падтрымання правапарадку, спынення дзеянняў адмарозкаў, а таксама прафілактыка аблудных, якія яшчэ не да канца разумеюць, на што іх нацэльваюць замежныя куратары”, — заявіў Лукашэнка.

Гл. таксама:

Лукашэнка заявіў аб падрыхтоўцы заходнімі спецслужбамі правакацыі ў Польшчы з абвінавачваннем Беларусі і РФ

Лукашэнка даручыў маштабна абсталяваць армію дронамі-камікадзэ

Падзяліцца: