Мінск 20:59

Лукашэнка заявіў пра планы Захаду зрабіць Беларусь “сатэлітам Польшчы”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

20 лютага, Позірк. На нарадзе з кіруючым складам дзяржаўных органаў сістэмы забеспячэння нацыянальнай бяспекі 20 лютага Аляксандр Лукашэнка агучыў “устаноўкі калектыўнага Захаду” ў дачыненні да Беларусі.

Паводле яго слоў, устаноўкі “простыя да агіднасці”, планы — “да немагчымасці прымітыўныя”.

“Тых, хто не з імі, будуць браць сілай, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Пад падставай або без — не важна. Аўтарытэт жа міжнародных арганізацый канчаткова дыскрэдытаваны. Пляцоўкі некаторых з іх адкрыта выкарыстоўваюцца для абслугоўвання інтарэсаў канкрэтных краін. І Беларусь не ў іх ліку”.

Таму, сцвярджае ён, “за мяжой спрабуюць стварыць новыя, але ўжо падкантрольныя ЗША і Еўрасаюзу рэгіянальныя ініцыятывы”.

План Захаду, сказаў Лукашэнка, “павінен уключыць у сябе акрамя Польшчы, Румыніі, Венгрыі і Славакіі, нейтральныя Украіну і Беларусь”, пры ўмове, што “Беларусь будзе адрэзаная ад Расіі”.

“Зразумела, афіцыйны Мінск разглядаецца як сатэліт Польшчы. Вам гэта нічога не нагадвае?” — адзначыў Лукашэнка.

“Сёння вельмі важна не проста рэальна ацэньваць абстаноўку і разумець, што адбываецца, але і аператыўна дзейнічаць. І трэба дзейнічаць на апярэджанне. Мы ўсе, у першую чаргу людзі ў пагонах, проста абавязаны быць гатовыя да адбіцця любых пагроз. Памылкі пры гэтым недапушчальныя”, — дадаў ён.

Згадаўшы пра распачатыя вучэнні НАТО “Абаронца-2024”, Лукашэнка спаслаўся на “атрыманыя звесткі” і заявіў, што “каля 90 тыс. вайскоўцаў з 32 краін-членаў і партнёраў альянсу будуць стаяць на парозе нашага дома, адпрацоўваць стратэгію — цытата — адбіццё спробы расійскай агрэсіі супраць адной з краін альянсу”.

“Слухайце, поўнае глупства! Расія рыхтуецца напасці на краіны Балтыі… Як яны збіраюцца адбіваць агрэсію, мы ў курсе. Спецслужбы трымаюць сітуацыю на кантролі”, — сказаў Лукашэнка.

Адметна, што інфармацыя пра вучэнні Steadfast Defender 2024 (“Стойкі абаронца-2024”) даступная ў адкрытых крыніцах без якіх-небудзь “атрыманых звестак”. Вядомыя даты вучэнняў, колькасць удзельнікаў, асноўныя манеўры, задзейнічаныя тэрыторыі і інш. Пра вучэнні маецца асобны артыкул у “Вікіпедыі”.

Улады ў Мінску рэгулярна абвінавачваюць краіны Захаду ў агрэсіўных намерах у дачыненні да Беларусі, але ніводнага доказу гэтаму дагэтуль не прадстаўлена.

У той жа час Лукашэнка адкрыта падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, перыядычна пагражае “імгненна” ўжыць расійскую ядзерную зброю ў выпадку “нападу” на Беларусь, прадаставіў тэрыторыю краіны для баевікоў расійскай вайсковай кампаніі “Вагнер”, якія, як ён заявіў у ліпені, нібыта рвуцца “схадзіць на экскурсію” ў Польшчу — Варшаву і Жэшуў (праз гэты польскі горад Украіне пастаўляецца частка заходняй зброі і вайсковай тэхнікі).

Падзяліцца: