Мінск 00:35

КДБ прызнаў “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” супольнасці “Беларусь 2.0 Сяргей Бульба” і “ВИРУС СВОБОДЫ”

Сяргей Бульба
Скрыншот: 6tv.by

26 лютага, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 25 і 26 лютага ўключыў у спіс “экстрэмісцкіх фарміраванняў” супольнасці “Беларусь 2.0 Сяргей Бульба” і “ВИРУС СВОБОДЫ”, вынікае з абноўленага пераліку на сайце МУС.

У структуры першага згаданага “фарміравання” пералічаныя непасрэдна “Беларусь 2.0 Сяргей Бульба” і “Белы Легіён” (раней актыўная патрыятычная арганізацыя), згаданыя “Бульба (Чыслаў) Сяргей Уладзіміравіч, 15.04.1967 г.н.” і “Казакевіч Яўген Баляслававіч, 30.10.1986 г.н.”. З “фарміраваннем” асацыяваныя ютуб-канал “Беларусь 2.0 Сяргей Бульба” (623 падпісчыкі) і тэлеграм-канал “Белы Легіён” (не індэксуецца ў пошуку).

Другое “экстрэмісцкае фарміраванне”, паводле сцвярджэння спецслужбы, аб’ядноўвае тэлеграм-каналы “Осторожно ВИРУС СВОБОДЫ”, “ВИРУС СВОБОДЫ” (абодва не індэксуюцца ў пошуку) і “OSINT “Феникс” (2.680 падпісчыкаў), тэлеграм-бот “Осторожно Вирус Бот” і ютуб-канал “Осторожно ВИРУС” (14,4 тыс. падпісчыкаў, фігуруе назва “Беларуский OSINT “Феникс”).

У кантэксце гэтага “фарміравання” згаданы “Кандраценка Віталь Валер’евіч, 04.11.1986 г.н.” і “Лысак Пётр Пятровіч, 16.02.1975 г.н.”.

У жніўні 2023 года на фоне скандалу з “Беларускім моладзевым хабам” у Варшаве “Белы легіён” заяўляў, што яго былы кіраўнік Сяргей Бульба не мае дачынення да цяперашняй дзейнасці арганізацыі.

У спісе на сайце МУС 181 пазіцыя “экстрэмісцкіх фарміраванняў”.

Падзяліцца: