Мінск 23:43

Прадстаўнік Мінабароны: Закрыты “белыя плямы” ва ўжыванні ваеннай сілы ў мірны час

29 лютага, Позірк. Узброеныя сілы “прасунуліся наперад у развіцці нацыянальнай тэорыі ваеннага мастацтва”, заявіў начальнік другога аддзела інфармацыйна-аналітычнага ўпраўлення Генеральнага штаба УС Беларусі Уладзімір Апалонік 28 лютага на сустрэчы з “ідэалагічным актывам Мінска”.

“Закрыты “белыя плямы” ў пытаннях прымянення ваеннай сілы ў мірны час, удакладнена сістэма аперацый Узброеных сіл”, — цытуе яго агенцтва “Минск-новости”.

Паводле слоў Апалоніка, прыняты “шэраг знакавых рашэнняў у пытаннях ваеннага будаўніцтва, аснашчэння структурных кампанентаў ваеннай арганізацыі дзяржавы, развіцця ваеннага сектара эканомікі краіны”.

У абноўленай Ваеннай дактрыне “упор зроблены на стрымліванне ад развязвання ваенных канфліктаў”, сцвярджае прадстаўнік ведамства.

У гэтым кантэксце размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі тактычнай ядзернай зброі ён назваў “вымушанай мерай”. Пры гэтым дакумент “не адказвае на пытанне наконт прымянення” ЯЗ.

“Існуе пэўная дамова з Расійскай Федэрацыяй, дзе гэтыя пытанні вызначаныя — якім чынам гэтая зброя можа прымяняцца, які парадак. Ваенная дактрына гаворыць толькі аб тым, што тактычная ядзерная зброя Расійскай Федэрацыі — гэта элемент стрымлівання агрэсіі супраць Рэспублікі Беларусь”, — сказаў Апалонік.

Абноўленая Ваенная дактрына была разгледжана 16 студзеня ў рамках абмеркавання Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі на пасяджэнні Савета бяспекі з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Рашэнне аб распрацоўцы яе новага праекта было прынята пасля адабрэння новай рэдакцыі Канцэпцыі нацбяспекі ў лютым 2023 года.

Лукашэнка адобрыў праекты абодвух дакументаў 12 лютага. Яны будуць вынесены на зацвярджэнне Усебеларускага народнага сходу.

Ваенная дактрына ў ліку іншага “вызначае падыходы дзяржавы да выкарыстання арміі для абароны канстытуцыйнага ладу ад унутраных пагроз”, заявіў 19 лютага начальнік Генштаба Віктар Гулевіч.

Указам ад 1 лютага 2024 года № 37 зацверджаны змяненні ў Статут унутранай службы УС.

Ваеннаслужачыя “пры выкананні ўскладзеных на іх задач” атрымалі права “прымяняць фізічную сілу, спецыяльныя сродкі, баявую і спецыяльную тэхніку, прымяняць і выкарыстоўваць зброю з улікам наяўнай абстаноўкі, характару злачынства, адміністрацыйнага правапарушэння і асобы правапарушальніка, кіруючыся патрабаваннямі агульнавайсковых статутаў”.

24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой улады ў Мінску падтрымліваюць Крэмль.

Падзяліцца: