Мінск 11:19

Пасля затрымання застаюцца ў няволі два адвакаты — праваабаронцы

Крыніца: pixabay.com

29 лютага, Позірк. У Мінску 28 лютага супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі “зладзілі рэйд на адвакатаў”, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, было затрымана найменей 12 адвакатаў. Большая частка з іх выйшлі на волю, але два чалавекі “застаюцца ў няволі”.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года ў Беларусі пачаўся сістэматычны ціск на адвакатуру.

Паводле даных ініцыятывы “Права на абарону”, з пачатку 2020 года ў Беларусі колькасць адвакатаў скарацілася з 2.200 да 1.650. Інстытут заканадаўча фактычна пазбавіўся незалежнага ад дзяржавы статусу: з 2021 года адвакаты могуць працаваць толькі пры юрыдычных кансультацыях, загадчыкі якіх прызначаюцца па ўзгадненні з Мінюстам. У 2022 годзе паўнамоцтвы загадчыкаў пашырылі.

Супраць шэрагу адвакатаў былі заведзеныя крымінальныя справы па палітычных матывах. На сёння ў месцах зняволення знаходзіцца шэсць палітвязняў-адвакатаў. Пад пагрозай пераследу некаторыя былі вымушаны пакінуць Беларусь.

Раней Аляксандр Лукашэнка заявіў, што адвакатура павінна знаходзіцца пад кантролем” і “дзейнічаць па законе, а не нейкіх прыдуманых норм — свабоды слова і іншых свабод”.

Падзяліцца: