Мінск 11:53

Згвалтаваная ў цэнтры Варшавы беларуска памерла (дапоўнена)

Фотa: pomagam.pl

1 сакавіка, Позірк. Грамадзянка Беларусі, згвалтаваная ў Варшаве, памерла ў бальніцы, паведамляе onet.pl са спасылкай на прадстаўніцу Варшаўскага медыцынскага ўніверсітэта Барбару Мяткоўску.

Непасрэдным чыннікам смерці названая смерць мозгу.

За некалькі дзён у дапамогу ёй было сабрана 547.817 злотых (137,4 тыс. долараў) з заяўленых 800 тыс. Сродкі перавёў 10.471 чалавек.

Збор абвясціў хлопец дзяўчыны, які паведаміў, што ён ураджэнец Украіны, а яго дзяўчына Лізавета родам з Беларусі.

Раніцай 25 лютага ў цэнтры Варшавы дзяўчыну згвалтавалі і спрабавалі задушыць. Увесь гэты час ахвяра была без прытомнасці, падключана да апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх у аддзяленні інтэнсіўнай тэрапіі адной з варшаўскіх клінік.

Дзяўчына пераехала ў Варшаву пасля падзей 2020 года ў Беларусі.

Паводле паведамлення польскай паліцыі, 23-гадовы меркаваны злачынец затрыманы ўвечары таго ж дня. Адзначаецца, што ён падазраецца ў сэксуальным злачынстве, рабаванні і замаху на забойства з выкарыстаннем небяспечнай зброі.

Удакладняецца, што злачынец у балаклаве напаў на жанчыну ззаду. Ахоўнік знайшоў аголеную жанчыну, якая ляжала на сходах без прытомнасці, і паведаміў пра гэта ў паліцыю.

“Праз некалькі хвілін на месца злачынства прыбылі супрацоўнікі паліцыі і выклікалі хуткую дапамогу, а да яе прыезду аказвалі пацярпелай першую дапамогу. Праз жорсткасць гэтага злачынства высвятленне асобы і арышт злачынцы было прыярытэтнай задачай для ўсіх супрацоўнікаў паліцыі, якія займаліся гэтай справай”, — адзначаецца ў паліцэйскім рэлізе.

Нападніку выстаўленае абвінавачанне, ён арыштаваны на тры месяцы.

За падобныя злачынствы ў Польшчы максімальнае пакаранне — пажыццёвае зняволенне.

У сацыяльных сетках тое, што адбылося, выклікала абурэнне, многія звярнулі ўвагу на тое, што ніхто не прыйшоў дзяўчыне на дапамогу падчас інцыдэнту.

Надзвычайнае здарэнне пракаментавала ў сваім тэлеграм-канале беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская: “Мае думкі з беларускай Лізаветай, якая зараз змагаецца за сваё жыццё ў адной з бальніц Варшавы. Я ад усёй душы зычу ёй здароўя, а яе блізкім — сіл і цярпення перажыць гэтае гора. Дзяўчына стала ахвярай гвалту, які немагчыма вытлумачыць ці апраўдаць. Я ўдзячная ўрачам, якія робяць усё магчымае, каб выратаваць яе жыццё, і польскай паліцыі, што ўжо знайшла і арыштавала падазраванага”.

Падзяліцца: