Кіраўніца саюза жанчын: Дэмаграфічная сітуацыя такая, што яе трэба выпраўляць, нараджаючы больш дзяцей
Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 6 сакавіка 2024 года ў 19:41

6 сакавіка, Позірк. Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі “такая, што яе трэба выпраўляць, нараджаючы больш дзяцей”, заявіла на прэс-канферэнцыі 6 сакавіка старшыня Беларускага саюза жанчын (БСЖ), дырэктар міжнароднай тэлерадыёкампаніі “Мір” у Беларусі Вольга Шпілеўская.
Паўтарыўшы крылаты выраз “адзін сын — не сын, два сыны — паўсына, тры сыны — сын”, яна падкрэсліла, што менавіта трое дзяцей з’яўляюцца пажаданай колькасцю для беларускіх сем’яў. Раней у інтэрв’ю дзяржаўным СМІ сама Шпілеўская заяўляла, што выхавала адно дзіця.
Паводле яе слоў, менавіта жаночая арганізацыя павінна садзейнічаць таму, каб у грамадстве не распаўсюджваліся такія ідэі, як, напрыклад, чайлдфры (добраахвотная адмова ад нараджэння дзяцей).
“Мы павінны зрабіць усё, каб, як сказаў прэзідэнт, гэтыя адхіленні не былі моднымі. Мы не можам іх выкараніць, гэта жыццё. Аднак зрабіць усё магчымае, каб не было іх папулярызацыі, — наша задача”, — сказала Шпілеўская.
Па сутнасці старшыня БСЖ паўтарыла сказанае Аляксандрам Лукашэнкам 5 сакавіка на сустрэчы з актывам жаночай арганізацыі і падкрэсліла, што згодная з ім. Ён папрасіў БСЖ узяць пад кантроль “шэраг найважнейшых для грамадства пытанняў”, падкрэсліў, што саюз мусіць адыгрываць важную ролю ў прапагандзе традыцыйных сямейных каштоўнасцяў і “стаць сцяной на шляху прасоўвання ў грамадстве чужых сучасных адхіленняў”, якіх, паводле яго слоў, “будзе ўсё больш і больш”. Акрамя таго, ён у чарговы раз заклікаў беларускіх жанчын нараджаць па трое дзяцей, паабяцаўшы ім падтрымку.
Разам з тым, большасць беларускіх сем’яў з дзецьмі выхоўваюць аднаго або двух дзяцей, канстатаваў на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў. “Сярэдні ўзрост жанчыны пры нараджэнні першага дзіцяці — больш за 27 гадоў, павялічваецца ўзрост уступлення ў шлюб. Гэта ўплывае на дэмаграфічную сітуацыю, паколькі зніжаецца перыяд, на працягу якога жанчына можа нарадзіць дзіця”, — адзначыў чыноўнік.
З 2020 года Белстат не публікуе даныя пра нараджальнасць і смяротнасць. Пра іх можна меркаваць паводле ўскоснай інфармацыі. У 2023 годзе органы запісу актаў грамадзянскага стану (ЗАГС) Беларусі зарэгістравалі больш за 65 тыс. фактаў нараджэння, сведчыць інфармацыя Міністэрства юстыцыі.
Па колькасці такіх запісаў можна меркаваць пра прыблізную колькасці народжаных, якіх крыху больш, чым зарэгістраваных. Згодна з законам, дзіця неабходна зарэгістраваць у аддзеле ЗАГС па месцы жыхарства бацькоў на працягу трох месяцаў з дня нараджэння.
Такім чынам, летась нарадзілася больш за 65 тыс. дзяцей, улічваючы той факт, што не ўсе, хто нарадзіўся, былі зарэгістраваны менавіта ў 2023-м.
У 2019 годзе ў Беларусі нарадзілася 87.602 дзіцяці. Колькасць народжаных падае з 2017 года, у 2016 нарадзілася 117.779 дзяцей.
Змяншаецца агульная колькасць насельніцтва. У 2017 годзе ў краіне пражывала 9.504.704 чалавекі, на пачатак 2023-га — 9.200.617 (на 0,6% менш, чым на пачатак 2022 года, калі было 9.255.524).
Статыстыка за апошнія гады ў поўнай меры не адлюстроўвае масавай палітычнай эміграцыі з Беларусі. З 2020 года з краіны з’ехала не менш як 200 тыс. чалавек, рэальная лічба можа быць у некалькі разоў большая.
Беларусы плацяць дэпапуляцыяй і старэннем насельніцтва за тое, што Лукашэнка застаецца ва ўладзе

- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Бяспека, ПалітыкаВальфовіч адсправаздачыўся аб завяршэнні першага этапу праверкі боегатоўнасці па распараджэнні ЛукашэнкіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- АнонсыАнонсы падзей на 2 лютага — 30 красавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства
- ЭканомікаЗа 2025 год банкі ў Беларусі павялічылі прыбытак амаль на чвэрцьМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаЗапазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах за год вырасла на 12% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Навіны Германіі, Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаЗа 2025 год працэнтныя стаўкі па крэдытах выраслі на 0,61 п.п. — даныя Нацбанка (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- ЭканомікаПратэрмінаваная запазычанасць дзяржсектара па крэдытах за год вырасла ў 10 разоў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка

