Мінск 23:28

Абвешчаны збор сродкаў на помнік памерламу ў няволі палітвязню Ледніку

Крыніца: сайт праваабарончага цэнтру "Вясна"

11 сакавіка, Позірк. Фонд салідарнасці BySol пачаў збор сродкаў на ўсталяванне помніка на магіле палітвязня Ігара Ледніка, які памёр у няволі на 64-м годзе жыцця.

Кошт помніка складае 2 тыс. еўра, прыняць удзел у зборы можна па спасылцы.

BySol неаднаразова падкрэсліваў, што з тэрыторыі Беларусі небяспечна ўдзельнічаць у зборах сродкаў палітвязням. Факт пераводу грошай з рахункаў беларускіх банкаў можа быць устаноўлены МУС, за гэта ахвярадаўцу пагражае крымінальны пераслед.

Леднік памёр 20 лютага ў Мінскай раённай лякарні, куды быў планава дастаўлены з бабруйскай калоніі № 2, дзе адбываў пакаранне. Да гэтага ён адбываў пакаранне ў магілёўскай калоніі № 15.

Прычынай смерці стала спыненне сэрца.

Ён быў інвалідам другой групы, меў праблемы з сэрцам. У чэрвені 2022 года яго адвакат паведаміла, што стан здароўя палітвязня пагоршыўся, ён знаходзіўся ў санчастцы следчага ізалятара ў ляжачым становішчы. У ліпені стала вядома, што актывісту правялі аперацыю на страўнікава-кішачным тракце.

Журналіст і грамадскі актывіст, былы сябра Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) быў затрыманы 12 красавіка 2022 года. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак паводле адміністрацыйнага абвінавачвання, пасля якіх ён на волю не выйшаў.

6 верасня 2022 года суд Ленінскага раёна Мінска (суддзя Таццяна Шоцік) прыгаварыў мужчыну да трох гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму за публікацыю ў партыйным часопісе БСДП “Пазіцыя”.

Пахаваны 22 лютага ў Барысаве (Мінская вобласць).

18 ліпеня 2022-га суд Барысаўскага раёна прызнаў інфармацыйную прадукцыю старонкі ледніка ў “Фэйсбуку” “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

У Беларусі ў зняволенні памерла мінімум пяць палітвязняў. У студзені 2024 года памёр 50-гадовы Вадзім Храсько ў папраўчай калоніі № 3 (пасёлак Віцьба Віцебскага раёна), 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) загадкава памёр 50-гадовы актывіст і грамадскі дзеяч Вітольд Ашурак, 7 траўня 2023-га ў згаданай віцебскай калоніі — 61-гадовы блогер і актывіст з хворым сэрцам Мікалай Клімовіч, 11 ліпеня 2023-га — прывезены ў лякарню з гродзенскай турмы № 1 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, у якога дыягнаставалі прабадную язву страўніка.

Падзяліцца: