Мінск 06:32

Спробы беларускіх спецслужбаў завербаваць супрацоўнікаў пасольства Літвы аказаліся марнымі — прадстаўнік Freedom House

Віціс Юрконіс
Фота: lrt.lt

11 сакавіка, Позірк. Беларускія спецслужбы спрабуюць вербаваць як літоўцаў, якія прыяжджаюць у краіну, так і сваіх грамадзян, якія пражываюць у Літве, паведаміў партал lrt.lt у аналітычнай публікацыі з удзелам прадстаўнікоў органаў дзяржбяспекі і экспертаў гэтай балтыйскай краіны.

Сцвярджаецца, што “абсалютная большасць беларусаў, якія маюць від на жыхарства ў Літве, ездзяць на радзіму ў сярэднім сем разоў на год”, і спецслужбы Беларусі “спрабуюць паўплываць на кожнага, хто заязджае ў Беларусь”.

“Мы лічым, што спрабуюць завербаваць, або прымусіць падзяліцца інфармацыяй усіх, каго толькі магчыма”, — заявіў кіраўнік Дэпартамента дзяржбяспекі (ДДБ) Літвы Дарыус Яўнішкіс.

Адзначаецца, што “беларуская дыяспара ў Літве за год значна вырасла і складае 60 тыс. чалавек”, і гэта дазваляе беларускай разведцы “лягчэй знаходзіць прыдатныя мэты для вярбоўкі”.

У канцы 2023 года, нагадвае выданне, былі затрыманыя “некалькі звязаных паміж сабой асоб, якія падазраюцца ў шпіянажы, яны ажыццяўлялі збор звестак аб стратэгічных аб’ектах краіны і ўзброеных сіл за грашовую ўзнагароду”.

“Грамадзяне збіралі інфармацыю, перадавалі яе беларускай разведцы, як мяркуецца, яны былі завербаваныя ў Беларусі“, — удакладніў кіраўнік вайсковай контрразведкі Літвы Элегіюс Паўлавічус.

Кіраўнік літоўскага офіса няўрадавай праваабарончай арганізацыі Freedom House палітолаг Віціс Юрконіс адзначыў, што намаганні беларускіх спецслужбаў па вярбоўцы павялічыліся яшчэ і таму, што “ім проста не хапае магчымасцяў для збору інфармацыі”.

“Беларускі рэжым занепакоены, ён шукае інфармацыю. Я чую, як беларускія спецслужбы кажуць, што настолькі не ў курсе… У іх няма ніякай інфармацыі, яны не бачаць ніякіх фінансавых плыняў. Таму яны спрабуюць працаваць праз сацыяльныя сеткі, запалохваць нас”, — сказаў Юрконіс.

Аднак, паводле яго слоў, адсутнічаюць “дакладныя крытэрыі вярбоўкі” таго, ці іншага чалавека: “Беларускія спецслужбы спрабавалі вербаваць нават супрацоўнікаў пасольства Літвы. Праўда, беспаспяхова”.

“Што было выключным, дык гэта відавочная спроба паўплываць на дыпламатычных работнікаў [пасольства]. Гэта сігнал аб тым, што ні дыпламатычная недатыкальнасць, ні дзелавыя сувязі, ні любыя іншыя сродкі не абароняць вас, як і пашпарт”, — падкрэсліў палітолаг.

7 сакавіка ДДБ і Другі дэпартамент аператыўных службаў (ДДАС) Мінабароны Літвы паведамілі ў сумесным гадавым дакладзе што беларускія спецслужбы “пачалі пераследваць супрацоўнікаў дыпламатычнай місіі Літвы”.

У дакуменце адзначаецца, што спецслужбы “назіраюць” за літоўскімі дыпламатамі, збіраюць інфармацыю аб іх “узаемаадносінах, звычках і аб усім, што можа іх скампраметаваць”.

“Сабраная інфармацыя або адміністрацыйныя меры выкарыстоўваюцца для запалохвання супрацоўнікаў, — сцвярджаюць складальнікі дакладу. — Ажыццяўляючы падобную дзейнасць, беларускія спецслужбы імкнуцца завербаваць супрацоўнікаў літоўскай дыпламатычнай місіі і прымусіць іх дзейнічаць насуперак інтарэсам нацыянальнай бяспекі Літвы”.

Акрамя гэтага, як заяўляецца, беларускія спецслужбы “інтэнсіўна праводзяць допыты людзей, якія выязджаюць з Літвы ў Беларусь”, і “збіраюць інфармацыю для сваёй дзейнасці супраць Літвы”.

На іх думку, спецслужбы Беларусі “спрабуюць выявіць цяперашніх і былых супрацоўнікаў дзяржаўных і муніцыпальных устаноў, судовай сістэмы, праваахоўных органаў і ўзброеных сіл Літвы, а таксама бізнесменаў, супрацоўнікаў стратэгічных кампаній, журналістаў і асоб, якія маюць дачыненне да незаконнай дзейнасці”.

“Беларускія разведвальныя службы імкнуцца завербаваць асоб, якія патэнцыйна могуць падаваць адпаведныя разведвальныя звесткі або выконваць іншыя задачы, — гаворыцца ў дакуменце. — Супрацоўнікі беларускіх спецслужбаў могуць выкарыстоўваць псіхалагічны ціск і шантаж, каб прымусіць асобных асоб да супрацоўніцтва на падставе розных дарожна-транспартных здарэнняў, парушэнняў закона, візавых правілаў або працэдур перасячэння мяжы”.

Падзяліцца: