Мінск 04:50

Амаль палова палякаў негатыўна ставіцца да беларусаў — сацапытанне

Крыніца: pixabay.com

12 сакавіка, Позірк. 47% грамадзян Польшчы негатыўна ставіцца да беларусаў, 24% — пазітыўна, 21% — нейтральна, 8% не змаглі вызначыцца з адказам, сведчаць вынікі сацыялагічнага даследавання, праведзенага Польскім цэнтрам вывучэння грамадскай думкі.

Больш негатыўнае стаўленне ў палякаў толькі да расіян — так настроеныя 76% рэспандэнтаў (8% заявілі аб пазітыўным стаўленні). Аб негатыўным стаўленні да рома заявілі 43% удзельнікаў даследавання (22%).

Найбольшыя сімпатыі ў жыхароў Польшчы выклікаюць амерыканцы — 65% (8% ставяцца негатыўна), італьянцы — 63% (5%), чэхі — 61% (7%). Украінцаў пазітыўна ацанілі 40% рэспандэнтаў, негатыўна — 30%.

Даследаванне праведзенае 11–21 студзеня 2024 года, выбарка — 1.015 чалавек.

Пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і падаўлення распачатых пасля іх масавых пратэстаў Польшча стала адным з найбольш папулярных кірункаў для грамадзян, якія ратуюцца ад рэпрэсій.

Паводле апублікаваных у лютым гэтага года даных аналітычнай платформы Picodi.com, толькі за 2023 год у Польшчу пераехалі больш за 60.000 беларусаў, іх агульная колькасць за апошнія пяць гадоў вырасла ў 6,5 разоў і цяпер ацэньваецца прыкладна ў 310.000 чалавек.

Падзяліцца: