Мінск 21:09

Лукашэнка параўнаў УНС з Полацкім вечам, якое “не дазволіла ўладзе адарвацца ад народа”

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

15 сакавіка, Позірк. Канстытуцыя Беларусі — вынік “шматвяковага вопыту развіцця прававых традыцый”, “дзяржаўнага будаўніцтва на беларускай зямлі”, заявіў 15 сакавіка Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з чыноўнікамі, прысвечанай Дню Канстытуцыі.

Лукашэнка, якога цытуе яго прэс-служба, правёў паралелі паміж Усебеларускім народным сходам (УНС) і вечам ў Полацкім княстве. Паводле яго сцвярджэння, у Полацкім веча бралі ўдзел “выключна мужчыны, але гэта былі прадстаўнікі глыбіннага народа”. Тым самым, дадаў ён, жыхары княства “стварылі механізм, які ў будучыні не дазволіць уладзе адарвацца ад народа”.

Дэпутаты УНС, заявіў Лукашэнка, валодаюць паўнамоцтвамі “аналагічнымі тым, што былі тады”.

“І ў вострыя моманты гісторыі яны вырашалі, каму кіраваць, каму гандляваць, а з кім ваяваць, — сказаў Лукашэнка. — Кажучы сучаснай мовай, менавіта на веча прымаліся найважнейшыя рашэнні стратэгічнага развіцця — не воляй аднаго чалавека, князя, а са згоды жыхароў”.

Разам з тым Лукашэнка раскрытыкаваў Статуты ВКЛ (прымаліся ў 1529, 1566 і 1588 гадах. — Позірк“.), вакол якіх, на яго думку, “шмат было шуму <…> ужо ў наш час”.

“Для таго перыяду яны былі прагрэсіўныя і істотна паўплывалі на развіццё заканадаўства ўсіх еўрапейскіх дзяржаў, — сказаў ён. — Але ў гісторыі гэтыя дакументы так і засталіся як законы, якія адлюстроўваюць інтарэсы выключна багатых і шляхетных людзей, яны яшчэ больш пагоршылі сацыяльную няроўнасць”.

Таксама негатыўна Лукашэнка выказаўся пра Канстытуцыю Рэчы Паспалітай, у якой, паводле яго слоў, “гарантыям правоў нашага народа ў прынцыпе не знайшлося месца”.

“Ды і перыяд знаходжання нашых зямель у складзе Расійскай імперыі не пакінуў колькі-небудзь сур’ёзнага следу ў беларускай прававой традыцыі”, — адзначыў ён.

На думку выступоўцы, “ідэйна і канцэптуальна Канстытуцыя суверэннай Беларусі з’яўляецца пераемнікам Канстытуцыі Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі”.

“Тады, у 1919 годзе, упершыню ў сусветнай гісторыі прыродныя багацці роднай зямлі былі прызнаныя здабыткам усяго народа. Менавіта савецкая Канстытуцыя, таксама ўпершыню ў гісторыі, абвясціла па-за законам эксплуатацыю чалавека чалавекам і тым самым паставіла пад абарону жыццё і годнасць людзей незалежна ад этнічнага паходжання, сацыяльнага статусу і веравызнання”, — адзначыў Лукашэнка.

Перыяд распрацоўкі і прыняцця “навэл Канстытуцыі 1994 года” ён ахарактарызаваў як час “абсалютна размытай адказнасці”, бо тады існавала “парламенцкая рэспубліка”, а гэта значыць, што “краіны яшчэ няма”.

“Няма ідэалогіі нацыянальнага развіцця, не пастаўленыя мэты гэтага развіцця. Няма сістэмы кіравання. Не распрацаваныя механізмы ўзаемадзеяння розных структур. І ў такіх рэаліях па факце краінай кіруюць 360 дэпутатаў, у тым ліку і я”, — сказаў Лукашэнка.

На яго думку, беларусаў у тыя гады “хацелі адрэзаць ад каранёў, дыскрэдытуючы савецкае мінулае”.

“У якія толькі саюзы ні цягнулі беларусаў, каб разарваць дружалюбныя і цесныя інтэграцыйныя сувязі, перш за ўсё з Расіяй, але народ не дазволіў. А дзе цяпер тыя, хто адарваўся ад усходнеславянскай сям’і?” —  падсумаваў Лукашэнка.

15 сакавіка 1994 года дэпутаты Вярхоўнага Савета большасцю галасоў прынялі Канстытуцыю Беларусі, а следам — закон, згодна з якім яна ўступіла ў сілу 30 сакавіка. Асноўны закон вызначаў краіну як унітарную дэмакратычную сацыяльную прававую дзяржаву, ўсталёўваў прынцыпы дэмакратычнага ладу, прыярытэт правоў і свабод чалавека, вяршэнства міжнароднага права. Канстытуцыя зазнала значныя антыдэмакратычныя змены ў выніку ініцыяваных Лукашэнкам рэферэндумаў у 1996, 2004 і 2022 гадах.

Па выніках рэферэндуму 2022 года УНС стаў “вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя”, які вызначае “стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы”, забяспечвае “непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду”.

Максімальная колькасць дэлегатаў УНС — 1.200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Ніхто з іх не абіраецца прамым галасаваннем грамадзян. Склад сходу фарміруецца вылучэннем ад структур улады і праўладных арганізацый “грамадзянскай супольнасці”. Пасяджэнні УНС павінны праводзіцца не радзей аднаго разу ў год.

УНС будзе зацвярджаць асноўныя напрамкі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі; заслухоўваць штогадовыя пасланні прэзідэнта да парламента; у яго будзе права заканадаўчай ініцыятывы, яно зможа прапаноўваць змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне аб легітымнасці выбараў і інш.

Падзяліцца: