Мінск 12:12

Лукашэнка: Галоўны ўрок выбараў прэзідэнта РФ — народам Беларусі і Расіі нельга навязваць чужую волю

Фота: "Амурская праўда"

18 сакавіка, Позірк. Галоўны ўрок прэзідэнцкіх выбараў у Расіі ў тым, што народам Беларусі і Расіі нельга навязваць чужую волю, “не атрымалася ў вядомых сіл навязаць гэтую волю” расіянам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 18 сакавіка на нарадзе аб падрыхтоўцы Усебеларускага народнага сходу (УНС).

Прагаласаваўшы на выбарах за Уладзіміра Пуціна, расіяне паказалі, “хто ў доме гаспадар”, заявіў Лукашэнка, словы якога прыводзіць яго прэс-служба. Ён выказаў меркаванне, што вынікі выбараў — “сур’ёзны сігнал Захаду, які рабіў стаўку на тое, каб разгайдаць знутры Расію”.

“Не атрымліваецца на фронце [ва Украіне] — значыць, разгайдаць знутры. Таксама не атрымалася. <…> Трэба разумець, што гэта і для нас навука. Напярэдадні 2025 года, нашых выбараў, трэба ўважліва вывучаць падрыхтоўку гэтых выбараў”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён назваў арганізацыю выбараў у РФ бліскучай. “Натуральна, прэзідэнту шмат прыйшлося працаваць, вы гэта бачылі. Неймаверна шмат, — сказаў Лукашэнка. — Ён малайчына, аб’ехаў усю Расію, пабываў у розных кропках і адказаў на актуальныя пытанні расійскага грамадства. Вельмі добрым было планаванне перадвыбарчага працэсу і сам ход выбарчай кампаніі. Ёсць чаму павучыцца. Мабілізаваныя і згуртаваныя былі ўсе — паводле плану Адміністрацыі прэзідэнта. Усе патрыятычна выступілі і выдалі цудоўны вынік. Для нас гэта ўрок”.

РФ і Беларусь, паводле яго слоў, маюць шэраг планаў і сумесных праграм, аб’ём якіх “каля дзевяці трыльёнаў рублёў”. У якасці прыкладу сумесных праектаў Лукашэнка згадаў планы па будаўніцтве высакахуткаснай чыгуначнай магістралі: “Ад Масквы праз Мінск і, як я яго прашу, да Брэста”.

Перад пачаткам нарады Лукашэнка павіншаваў Пуціна “з пераканаўчай перамогай на выбарах”, назваўшы назваў вынік “ашаламляльным”.

Паводле даных Цэнтральнай выбарчай камісіі, Пуцін набірае 87,29% галасоў (у 2018-м было 76,69%).

Падзяліцца: