Мінск 15:43

СК распачаў маштабную крымінальную справу ў дачыненні да актывістаў беларускіх дыяспар

Фота: ютуб-канал "Народных амбасадаў"

20 сакавіка, Позірк. Следчы камітэт распачаў маштабную крымінальную справу ў дачыненні да актывістаў беларускіх дыяспар, вынікае з відэакаментарыя афіцыйнага прадстаўніка СК Сяргея Кабаковіча, апублікаванага 20 сакавіка прэс-службай ведамства.

Паводле яго слоў, для “захопу ўлады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам” Святлана Ціханоўская і Павел Латушка “прынізілі само паняцце дыпламатыя”, стварыўшы народныя амбасады. Сцвярджаецца, што гэта было зроблена для “ізаляцыі дыпламатычных прадстаўніцтваў сістэмы Міністэрства замежных спраў”.

“Прыкрываючыся хлуслівымі заявамі пра падтрымку грамадзян Беларусі ў рэалізацыі іх правоў і свабод, экстрэмісцкія фарміраванні разгарнулі інфармацыйныя кампаніі па дыскрэдытацыі нашай краіны ў вачах заходніх палітыкаў”, — заявіў Кабаковіч.

Такім чынам, паводле яго слоў, арганізатары спрабавалі ўчыніць шкоду нацыянальнай бяспецы.

“У цяперашні час СК мае поўную інфармацыю пра больш як сто прадстаўнікоў радыкальных дыяспар, — паведаміў прадстаўнік ведамства. — У дачыненні да кіраўнікоў і ўдзельнікаў гэтых экстрэмісцкіх фарміраванняў узбуджана крымінальная справа паводле арт. 3611 КК. Праводзяцца следчыя дзеянні, у тым ліку агляды, вобшукі, накладанне арышту на маёмасць. Ужо высветлена больш як 30 аб’ектаў нерухомай маёмасці, якія належаць фігурантам. СК будуць зробленыя ўсе захады для прыцягнення вінаватых да адказнасці і кампенсацыі імі шкоды, у тым ліку ў рамках працэдуры спецыяльнай вытворчасці”.

Сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol Андрэй Стрыжак паведаміў у сацсетках, што “ў Беларусі сёння ідуць вобшукі” па гэтай справе. “Працуе эвакуацыя фонду. Звычайная працоўная серада”, — напісаў ён.

28 лютага КДБ прызнаў ініцыятыву “Народныя амбасады” “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Сцвярджаецца, што “экстрэмісцкую дзейнасць” вядзе “група грамадзян з ліку стваральнікаў, адміністратараў і іншых удзельнікаў сеткавых рэсурсаў, якія выкарыстоўваюць у сваёй назве словазлучэнні “Беларусы замежжа” / “Беларусы замежжа”.

Падзяліцца: