Мінск 10:29

Абмяжоўваецца рэгістрацыя новых ІП па шэрагу відаў дзейнасці — законапраект

Ілюстратыўнае фота: s13.ru

21 сакавіка, Позірк. Законапраект “Аб змене законаў па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці” прыняты Палатай прадстаўнікоў у другім чытанні 21 сакавіка, паведамляе прэс-служба заканадаўчага органа.

Законапраект замацоўвае “новыя падыходы да рэгулявання прадпрымальніцкай дзейнасці” і вызначае новую тыпалогію бізнесу, якая будзе складацца з дзвюх катэгорый: юрыдычныя асобы, у ліку якіх выдзяляюцца малыя (з колькасцю працуючых да 100 чалавек), сярэднія (з колькасцю да 250 чалавек) і буйныя (з колькасцю звыш 250 чалавек) камерцыйныя арганізацыі; фізічныя асобы, якія будуць мець права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю ў якасці рамесніка, уладальніка аграэкасядзібы, ІП, а таксама самастойна весці прафесійную дзейнасць.

Абмяжоўваюцца віды дзейнасці, якія змогуць ажыццяўляць індывідуальныя прадпрымальнікі. Іх пералік будзе ўстанаўлівацца ўрадам, “зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці”.

Па відах дзейнасці, якія не ўвайшлі ў названы пералік, з 1 кастрычніка 2024 года ўводзіцца забарона на рэгістрацыю новых ІП.

Дзеючыя на момант падпісання закона ІП павінны будуць перайсці ў юрыдычныя асобы (да 31 снежня 2025 года). Пры гэтым замацоўваецца спрошчаны механізм пераходу (на працягу аднаго працоўнага дня), што дазволіць ім “аператыўна ажыццявіць усе неабходныя працэдурныя дзеянні”, лічаць у ПП НС.

Таксама прадугледжаны перагляд відаў дзейнасці, якія будуць даступны для ажыццяўлення рамеснікам і самазанятым.

Законапраект развівае інстытут дзяржаўнай фінансавай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва: бізнесу прадастаўляецца права на атрыманне ўсіх відаў падтрымкі, уводзяцца новыя яе віды (гранты, даручальніцтва Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальніцтва па абавязацельствах суб’ектаў гаспадарання).

Устанаўліваецца магчымасць кампенсацыі суб’ектам малога і сярэдняга прадпрымальніцтва часткі капітальных затрат, панесеных пры рэалізацыі інвестыцыйных праектаў з прыцягненнем крэдытаў Банка развіцця.

Законапраект быў прыняты ў першым чытанні 31 траўня 2023 года.

Задачу мадэрнізаваць фармат работы малога бізнесу паставіў Аляксандр Лукашэнка ў чэрвені мінулага года.

У 2022 годзе ён адзначыў, што айцішнікі і іпэшнікі былі ў авангардзе барацьбы ў 2020 годзе, “вываліліся на вуліцы”.

Сваё бачанне дзейнасці ІП Лукашэнка сфармуляваў так: “Вяжы кошыкі, рабі драўляныя лыжкі, нешта з саломкі. У нас паўкраіны сталі ІП. Працуе ў [старшыні Белтэлерадыёкампаніі Івана] Эйсманта на першым канале, раскруціў там сваю мордачку і за кошт гэтага, стаўшы ІП, зарабляе каласальныя грошы. Пасля яшчэ вывалілі супраць дзяржавы ваяваць. Мы нікога не збіраемся знішчаць, ёсць больш цывілізаваны метад — каб ІП перайшлі на больш высокі ўзровень і стварылі свае прадпрыемствы. Іх ініцыятыву трэба накіраваць у нармальнае рэчышча”.

На думку Лукашэнкі, індывідуальным прадпрымальнікам трэба “вярнуць у бок дзяржавы і народа”.

Падзяліцца: