Мінск 11:11

Адсутнасць знешніх інвестыцый і выплата дзярждоўгу могуць пагражаць эканамічнай бяспецы — прадстаўнік Савета бяспекі

21 сакавіка, Позірк. Беларуская эканоміка “вельмі мае патрэбу” ў інвестыцыях, асабліва ў знешніх, заявіў у эфіры тэлеканала “Беларусь 1” намеснік начальніка ўпраўлення дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Анатоль Хлебаказаў.

Гаворачы аб фактарах, якія могуць пагражаць эканамічнай бяспецы краіны, ён вылучыў “абмежаваныя магчымасці прыцягнення знешніх інвестыцый, наогул інвестыцый і знешніх асабліва”.

“Хацелася б, каб гэтыя інвестыцыі былі не толькі рэінвеставаны прыбыткам, заробленым у нашай краіне, каб да нас заходзілі грошы звонку непасрэдна, якія ўкладваюцца, новыя грошы, у развіццё”, — адзначыў Хлебаказаў.

Яшчэ адным фактарам, на яго думку, з’яўляецца дзярждоўг. Хлебаказаў заявіў, што валавы знешні доўг, “гэта значыць сукупны доўг дзяржавы, Нацбанка і суб’ектаў гаспадарання”, знаходзіцца “ў параметры бяспекі”, “гэты паказчык не выклікае ў нас нейкіх трывог”.

Паказчык “доўг сектара дзяржкіравання”, паводле слоў прадстаўніка Савета бяспекі, таксама знаходзіцца “на нармальным параметры і таксама не выклікае трывог”.

“Тое, што трывогу выклікае, — гэта індыкатар, які характарызуе ўзровень кароткатэрміновых плацяжоў у адносінах да золатавалютных рэзерваў. Тут графік напружаны. Гэта тое, на што варта звярнуць увагу і над чым увесь час ідзе праца ўрада і Нацбанка”, — адзначыў Хлебаказаў, дадаўшы, што праца зводзіцца да таго, каб “аслабіць сённяшні прэсінг”, “каб сёння мы плацілі не 3 млрд, a 2 млрд у доларах, дапусцім, знешняга доўгу”.

“Нешта атрымліваецца, мы дамаўляемся з нашымі партнёрамі, з Расіяй, з іншымі краінамі, аб тым, каб і знізіць стаўкі, і растэрмінаваць гэтыя плацяжы па перыядзе часу, але на сёння гэты паказчык не крытычны, але ён напружаны”, — адзначыў намеснік начальніка ўпраўлення.

На думку намесніка міністра эканомікі Андрэя Картуна, да ўнутраных і знешніх пагроз для эканомікі можна аднесці ўзровень дыверсіфікацыі экспарту і імпарту.

“Таму што ў нас ёсць доля крытычнага імпарту. І мы разумеем, што, дапусцім, у санкцыйнай палітыцы мы перажылі гэты перыяд, змаглі неяк адаптавацца, але вось тут як раз рэальна, мы на ўласным прыкладзе ўбачылі, як гэтая пагроза можа трансфармавацца ўжо ў рызыкі. І, адпаведна, гэтыя рызыкі пачалі рэалізоўвацца, што патрабавала ад усіх нас хуткіх рашэнняў і кропкавых”, — заявіў намеснік міністра ў эфіры тэлеканала.

Прымаць пастановы “тут і цяпер”, перабудоўвацца ўсяму апарату, са слоў прадстаўніка Мінэканомікі, давялося, калі пачаліся “пэўныя падзеі 2022 года” (санкцыі за падтрымку беларускімі ўладамі расійскай агрэсіі супраць Украіны).

Картун заявіў, што Беларусі “проста архіважна” прадаваць не толькі на “традыцыйны расійскі рынак, але і “дыверсіфікаваць пастаўкі”.

Гл. таксама:

Мінпрам плануе перанакіраваць экспарт у Азію, Афрыку, Паўднёвую Амерыку

Падзяліцца: