Мінск 03:46

Палова сельгаспрадпрыемстваў не гатовая да пасяўной — Камітэт дзяржкантролю

Фота: 1prof.by

24 сакавіка, Позірк. У сельскагаспадарчых арганізацыях на 21 сакавіка было нарыхтавана ўсяго 56,7% мінеральных угнаенняў ад патрэбы да вясновай сяўбы, паведамляе Камітэт дзяржкантролю па выніках маніторынгу 205 гаспадарках ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Устаноўлена, што не ўсюды прымаюцца “дастатковыя меры па правядзенні своечасовага і якаснага рамонту сельскагаспадарчай тэхнікі, назапашванню неабходнай колькасці мінеральных угнаенняў, забеспячэнні насеннем сельгаскультур і іншых пытаннях правядзення пасяўной кампаніі”.

Паводле звестак КДК, “практычна ў кожнай другой праверанай гаспадарцы” выяўленыя факты “недастатковай забяспечанасці ўгнаеннямі”. Вялікія праблемы маюцца ў гаспадарках Ганцавіцкага (Брэсцкая вобласць), Гарадоцкага, Дубровенскага, Расонскага, Сенненскага, Шаркаўшчынскага, Шумілінскага (Віцебская), Акцябрскага (Гомельская), Бярэзінскага (Мінская), Бабруйскага, Глускага, Мсціслаўскага (Магілёўская) і іншых раёнаў.

“Не ў поўнай меры” гаспадаркі забяспечаныя запчасткамі, неабходнымі для своечасовага правядзення рамонтных работ, у выніку гэтага ў шэрагу арганізацый падрыхтоўка сельгастэхнікі “вядзецца павольнымі тэмпамі, не выконваюцца графікі правядзення рамонтных работ”, гаворыцца ў паведамленні ведамства.

“У 43% правераных гаспадарак устаноўленыя факты нізкай гатоўнасці сельгастэхнікі”, — адзначае КДК.

У якасці прыкладаў прыводзяцца ААТ “Сінягорскае” Сенненскага раёна (не былі адрамантаваны камбінаваны глебаапрацоўчы і глебаапрацоўча-пасяўны агрэгаты, а таксама дыскатар), ААТ “Зазерка” Пухавіцкага раёна (Мінская вобласць) (у няспраўным стане былі 2 з 5 энерганасычаных трактароў, 2 з 5 камбінаваных глебаапрацоўчых агрэгатаў, 3 з 4 машын для ўнясення цвёрдых арганічных угнаенняў), ААТ “Акцябр-Бярозкі” Хоцімскага раёна (Магілёўская вобласць) (не гатовыя 2 з 7 энерганасычаных трактароў, 2 з 4 збожжавых сеялак, 1 з 3 абаротных плугоў, адзіная машына “Раса”).

“У шэрагу сельгасарганізацый падрыхтоўка тэхнікі да пасяўной не ажыццяўляецца праз адсутнасць механізатараў”, — звяртае ўвагу КДК.

У некаторых гаспадарках кантралёры ўстанавілі “факты прыпісак гатоўнасці тэхнікі” і не забяспечанасць у поўным аб’ёме насеннем для сяўбы запланаваных плошчаў. Пры гэтым закупка элітнага насення збожжавых і зернебабовых культур праводзіцца “павольнымі тэмпамі” (на 15 сакавіка, іх было закуплена 19% ад патрэбы).

Падзяліцца: