Мінск 23:05

Латушка: У Беларусі — рэакцыя і масавы тэрор

Фота: прэс-служба НАУ

24 сакавіка, Позірк. “Нацыянальная свядомасць — гэта нашая зброя і наш шчыт”, — заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 24 сакавіка ў Варшаве на акцыі да 106-й гадавіны абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

“Гэта тое, дзякуючы чаму мы, беларусы, адносна невялікая па колькасці нацыя, параўноваючы з усходняй імперыяй, па суседству з якой нам “пашчасціла” існаваць, — здолела захавацца, здолела выжыць, нягледзячы на стагоддзі расійска-імперскай і расійска-савецкай акупацыі. Нягледзячы на гвалтоўную русіфікацыю, нягледзячы на тэрор, нягледзячы ні на што”, — дадаў ён.

Латушка ўзгадаў падзеі 1917–18 гадоў, бальшавіцкі тэрор, сталінскія рэпрэсіі і “дзесяцігоддзі СССР”.

“Праўда пра Курапаты, першы Чарнобыльскі шлях, нацыянальны ўздым і рух канца 80-х — пачатку 90-х, абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь. І так, нажаль, прыход да ўлады Лукашэнкі пры падтрымцы, зноў жа, Расіі. Збіццё дэпутатаў Вярхоўнага Савета, ганебные рэферэндумы, забойствы палітычных апанентаў, інтэграцыя з Расіяй, утварэнне Саюзнай дзяржавы. Але супраціў беларусаў працягваўся”, — сказаў экс-дыпламат.

Ён нагадаў пра пратэсты 2006, 2010, 2017 гадоў, “рэвалюцыйныя падзеі 2020 года, якія, насуперак існаваўшым на той момант думкам пра другаснасць нацыянальнага складніку пратэсту, праходзілі пад нацыянальным бел-чырвона-белым сцягам”.

Сёння, падкрэсліў палітык, у Беларусі адбываецца “рэакцыя і масавы тэрор”.

“Маем тысячы палітвязняў. Маем больш за 136 тыс. ахвяр злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці. Маем вайну супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі ўдзельнічае на баку Расіі супраць волі беларускага народа. Маем новую пагрозу незалежнасці і самому існаванню нашай дзяржаўнасці з боку Расіі праз дзейнасць пракрамлёўскага лукашэнкаўскага рэжыму”, — пералічыў Латушка.

“Нашая краіна і нашая нацыя бачылі безліч складаных часоў. Але ж мы жывем”, — дадаў кіраўнік НАУ.

Фота: "Позірк"

Старшыня Руху салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык нагадаў, што ў Беларусі “ў апошнія дні ідзе чарговая хваля рэпрэсій: шмат арыштаў, шмат вобшукаў”.

“Пасля 2020 года беларусаў робяць маўклівымі. А наперадзе яшчэ больш жахлівыя падзеі. Зараз, здаецца, усім усё зразумела. Гэта не ранейшыя часы”, — падкрэсліў Сіўчык.

Палітык заклікаў суайчыннікаў не маўчаць.

Сіўчык лічыць, што “ўсё роўна прыйдзе дзень свабоды, калі наш паднявольны беларускі народ пераможа жахлівую гэбэшна-лукашэнкаўска-пуцінскую банду”.

Фота: "Позірк"

Да Дня Волі ў польскай сталіцы адбылося шэсце і мітынг. Ад Плошчы Трох Крыжоў да помніка Мікалаю Каперніка ў цэнтры горада прайшлі каля тысячы чалавек. Завяршылася акцыя канцэртам на Замкавай плошчы.

Падзяліцца: