Мінск 10:47

Камандна-штабныя вучэнні тэрабароны пачаліся ў Гомельскай і Гродзенскай абласцях

Дзмітрый Стрэшынскі
Фота: Мінабароны

2 красавіка, Позірк. Міністэрства абароны паведаміла пра пачатак камандна-штабных вучэнняў у Гомельскай і Гродзенскай абласцях.

Мерапрыемствы названыя “завяршальным этапам праверкі” гэтага роду войскаў, яны працягнуцца да 4 красавіка.

У Гомельскай вобласці вучэнні праходзяць у Рагачоўскім і Кармянскім раёнах, у Гродзенскай — у Воранаўскім.

Паводле слоў намесніка начальніка Генеральнага штаба Узброеных сіл Дзмітрыя Стрэшынскага, у Вілейскім раёне (Мінская вобласць) пачата “практычнае фарміраванне тэрытарыяльных войскаў”.

Мэта вучэнняў — адпрацоўка “пытанняў аховы і абароны аб’ектаў тэрабароны”, а таксама “забеспячэнне мер ваеннага становішча з прыцягненнем добраахвотнікаў народнага апалчэння”, сказаў прадстаўнік Генштаба.

“Праверачныя мерапрыемствы <…> будуць працягвацца ва ўсіх абласцях. На іх завяршальным этапе будуць праводзіцца камандна-штабныя вучэнні з адпрацоўкай практычных задач тэрабароны, а таксама сумесных дзеянняў з вайсковымі часткамі і падраздзяленнямі УС”, — удакладніў Стрэшынскі.

Ён дадаў, што асаблівая ўвага надаецца “навучанню службовых асоб мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, фармаванню народнага апалчэння”, а таксама падрыхтоўцы падраздзяленняў да “выканання ўскладзеных задач”.

“З добраахвотнікамі праводзяцца заняткі па агнявой, ваенна-медыцынскай, тактычнай падрыхтоўцы. За імі замацоўваецца зброя, і ў наступным яны выконваюць задачы па аказанні садзейнічання тэрытарыяльным органам унутраных спраў у забеспячэнні правапарадку”, — падсумаваў ваенны.

Правядзенне камандна-штабных вучэнняў 2–4 красавіка ў Рагачове было анансаванае ваенным ведамствам 30 сакавіка. Заяўлялася, што на паўночным уездзе ў горад будуецца ўзмоцнены кантрольна-прапускны пункт, на якім “вайскоўцы запасу будуць адпрацоўваць “практычныя дзеянні па арганізацыі прапускнога рэжыму падчас дзеяння ваеннага становішча”.

“Гэты аб’ект мае важнае значэнне: ён прызначаны для ажыццяўлення кантролю ва ўстаноўленым парадку за праходам людзей і праездам транспартных сродкаў на тэрыторыю населенага пункта”, — заявіў вайсковы камісар Рагачоўскага і Кармянскага раёнаў Ігар Чайка.

Міністр абароны Віктар Хрэнін 2 красавіка наведаў раён правядзення збору з ваеннаабавязанымі 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады. Як паведамляла прэс-служба ведамства, у цэнтры баявога кіравання ён заслухаў даклад начальніка штаба, а таксама “абмеркаваў з кіраўніцтвам брыгады пытанні падрыхтоўкі ваеннаабавязаных”.

На палігоне Лепельскі (Віцебская вобласць) Хрэнін “пагутарыў з ваеннаабавязанымі аднаго з падраздзяленняў, азнаёміўся з іх побытам, арганізацыяй падрыхтоўкі, вучэбна-матэрыяльнай базай і адказаў на пытанні запаснікаў”.

Падчас візіту ў Гродна 2 красавіка Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Мы рыхтуемся да вайны, я пра гэта кажу адкрыта”. “Хочаш міру — рыхтуйся да вайны” — не я гэта прыдумаў. Гэта вельмі правільна сказана”, — працягнуў ён і прапанаваў “нікому не верыць, што мы хочам ваяваць”.

Паводле яго слоў, у краіне вядзецца “неабходная падрыхтоўка адпаведных падраздзяленняў”, у войскі пастаўляюцца розныя віды ўзбраенняў і тэхнікі. “Калі адтуль (з Захаду. — “Позірк”.) хтосьці падвывае і нас крытыкуе, ведайце: мы робім правільна. Калі там нас пачнуць хваліць — бяда”, — сказаў Лукашэнка.

Ён заявіў у чарговы раз, што Беларусь нікому не пагражае: “Мы не хочам чужой зямлі. Нам гэтую дай бог апрацаваць”.

Праверка боегатоўнасці Узброеных сіл працягваецца з 15 сакавіка.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і якія знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама ваеннымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

3 чэрвеня 2022 года Лукашэнка заявіў, што з улікам “негатыўнага ўкраінскага досведу” прыняў пастанову “на ўсялякі выпадак пры кожным сельскім савеце мець <…> народнае апалчэнне, гэтую групку людзей”. У выпадку ваенных дзеянняў, упэўнены ён, атрады апалчэнцаў “могуць трансфармавацца ў партызанскі рух і стаць рэзервам для тэрытарыяльнай абароны”.

24 лютага 2022 года Расія развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: