Мінск 10:52

Аргкамітэт марксісцкай партыі працягвае ствараць рэгіянальныя аддзяленні

Сяргей Вазняк
Архіўнае фота: "Белгазета"

5 красавіка, Позірк. Арганізацыйны камітэт па стварэнні ў Беларусі левай дэмакратычнай партыі марксісцкай накіраванасці 4 красавіка “зацвердзіў стварэнне яшчэ трынаццаці рэгіянальных аддзяленняў аргкамітэта”, паведаміў на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” адзін з яго сустаршыняў Сяргей Вазняк.

Паводле яго слоў, за аснову прыняты праекты дакументаў аргкамітэта, звязаных з фінансавым забеспячэннем яго дзейнасці.

Чакаецца, што асновай фінансавання будуць “уступныя ўнёскі грамадзян, якія далучаюцца да працы аргкамітэта, і добраахвотныя ахвяраванні”.

Праекты накіраваныя на трохтыднёвае абмеркаванне ў рэгіянальныя аддзяленні аргкамітэта. Прыняць іх плануецца ў канцы красавіка, адзначыў Вазняк.

Да пачатку траўня аргкамітэт збіраецца падрыхтаваць праект праграмы новай партыі, пасля чаго “пачнецца яе публічнае абмеркаванне”.

“Праца ідзе крок за крокам, — напісаў палітык. — Выкарыстоўваем тыя легальныя магчымасці, якія дае новая рэдакцыя Закона “Аб палітычных партыях”… Сёе-тое важнае ўжо зроблена”.

Аргкамітэт перакананы, што Беларусі “патрэбная левая дэмакратычная партыя, якая стаіць на ідэйнай платформе марксізму”.

Паводле інфармацыі крыніц “Позірку”, у адным з раздзелаў праграмы распрацоўшчыкі “паспрабуюць выкласці свой погляд на марксісцкую тэорыю ў кантэксце сучаснага свету і сучаснай Беларусі”.

9 снежня 2023 года ў Мінску быў сфармаваны (https://pozirk.online/be/news/54606) аргкамітэт па стварэнні левай дэмакратычнай партыі, базавай ідэалогіяй якой будзе марксізм.

Аргкамітэт узначалілі тры палітыкі: Сяргей Калякін — былы лідар ліквідаванай 29 верасня Вярхоўным судом Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, Сяргей Вазняк — былы член Цэнтральнага камітэта “Справядлівага свету”, Аляксандр Бухвостаў — былы старшыня ліквідаванай 2 жніўня 2004 года Беларускай партыі працы.

Члены ліквідаванага “Справядлівага свету” мелі намер стварыць новы палітычны рух, які будзе адстойваць “дэмакратычны і сацыялістычны шлях развіцця дзяржавы і грамадства”.

У канцы 2022 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”. У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі.

Перарэгістраваныя праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Акрамя таго, зарэгістравана максімальна лаяльная Лукашэнку партыя “Белая Русь”.

Летась 2 чэрвеня партыя “Справядлівы свет” падала дакументы на перарэгістрацыю без спісу сябраў — з меркаванняў бяспекі, аднак 30 чэрвеня Мінюст ёй у гэтым адмовіў. 26 верасня Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ведамства перарэгістраваць партыю.

Падзяліцца: