Мінск 22:58

Крэдытны перагрэў эканомікі можа выклікаць паскарэнне інфляцыі — “Кошт урада”

Крыніца: pixabay.com

9 красавіка, Позірк. У 2023 годзе эканоміка прадэманстравала “нядрэнныя паказчыкі аднаўленчага росту” ў значнай ступені пры падтрымцы крэдытнага імпульсу, адзначаецца ў аглядзе праекта “Кошт урада”.

У студзені — лютым 2024 года банкі вылучылі на крэдытаванне юрыдычных асоб 22,3 млрд рублёў у эквіваленце (з іх: 17,9 млрд беларускіх рублёў, 276,3 млн долараў, 60,2 млн еўра і 82,7 млрд расійскіх рублёў).

“У параўнанні з аналагічным перыядам папярэдняга года агульны аб’ём новых крэдытаў у нацыянальнай і замежнай валютах павялічыўся на 36%”, — гаворыцца ў аглядзе.

Пры гэтым, адзначаюць аналітыкі, у справаздачах Нацбанка неаднаразова ўзнімалася тэма “магчымага пагаршэння эканамічнага становішча з-за празмернага крэдытавання”.

“Такі перагрэў можа прывесці, сама меней, да паскарэння інфляцыі. У горшым выпадку гэта можа аказаць негатыўнае ўздзеянне на ўстойлівасць усёй крэдытна-фінансавай сферы, што можа стаць прыкметай сапраўднага банкаўскага крызісу”, — падкрэслівае “Кошт урада”.

Рост крэдытавання адбываецца на фоне мяккай грашова-крэдытнай палітыкі. Нягледзячы на павелічэнне ўзроўню сярэдніх працэнтных ставак па крэдытах для бізнесу да 9, 7% (досыць нядорага пры ўзроўні гадавой інфляцыі ў 5,6%).

“Такім чынам, эканоміка працягвае нарошчваць грашовую масу, і гэта сродкі, створаныя з ніадкуль у нікуды, — лічаць эксперты. — Рана ці позна дысбалансы, выкліканыя празмерным крэдытаваннем пры адначасовым жорсткім стрымліванні коштаў, прымусяць улады змірыцца або з запаволеннем эканамічнага росту, або з паскарэннем інфляцыі. У абодвух выпадках наступствы будуць непрыемныя для кашалькоў беларусаў”.

Спажывецкія цэны ў лютым 2024 года, паводле даных Белстата, выраслі на 0,9%: харчовыя і нехарчовыя тавары падаражэлі на 0,5%, паслугі — на 2,3%.

З пачатку года рост коштаў склаў 1,7%: харчовыя тавары падаражэлі на 1,8%, нехарчовыя — на 0,9%, паслугі — на 2,7%.

У гадавым вымярэнні (да лютага 2023-га) спажывецкія цэны выраслі на 5,6%: харчовыя тавары сталі даражэйшымі на 6,4%, нехарчовыя — на 3,2%, паслугі — на 7,3%.

Па выніках 2023 года інфляцыя ў Беларусі склала 5,8%.

Пратэрмінаваная запазычанасць юрыдычных асоб па крэдытах за 12 месяцаў вырасла ўдвая

1 красавіка, Позірк. Запазычанасць па рублёвых і валютных крэдытах, выдадзеных банкамі юрыдычным асобам, на 1 сакавіка 2024 года склала 52 млрд 906,9 млн рублёў, сведчаць дадзеныя Нацыянальнага банка. Актуальная сума запазычанасці на 0,98% большая, чым было на 1 студзеня 2024-га …
Падзяліцца: