Мінск 06:01

Кавалеўскі абмеркаваў у Бундэстагу пагрозу незалежнасці Беларусі з боку “расійскага імперыялізму”

Фота: АПК

12 красавіка, Позірк. Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага пераходнага кабінету (АПК) Валерый Кавалеўскі правёў шэраг сустрэч у Бундэстагу, дзе “за адным сталом сабраліся прадстаўнікі розных палітычных партый Германіі”, паведамляе прэс-служба кабінета.

Паводле слоў Кавалеўскага, цікавасць нямецкіх дэпутатаў да дыялогу “яшчэ раз падкрэслівае: тэма Беларусі аб’ядноўвае”.

Адзначаецца, што прадстаўнік АПК правёў сустрэчы з дэпутатам Хрысціянскага дэмакратычнага саюзу Кнутам Абрахамам, прадстаўніком партыі “Зялёных” Робінам Вагенерам, парламентарыем ад Сацыял-дэмакратычнай партыі Нільсам Шмітам.

Асноўнай тэмай сустрэч, паводле слоў Кавалеўскага, была “пагроза, якую нясе расійскі імперыялізм і каланіялізм не толькі незалежнасці Беларусі і Украіны, але і ўсяму рэгіёну, і тыя практычныя крокі, якія могуць зрабіць еўрапейскія партнёры, каб дапамагчы абараніць суверэнітэт нашай краіны — і дапамагчы Украіне на шляху да перамогі”.

Кавалеўскі, як паведамляецца, адказаў на пытанні пра выбары ў Каардынацыйную раду, бягучую сітуацыю і патрэбы беларускай грамадзянскай супольнасці, уздымалася таксама тэма рэзалюцыі Бундэстага па Беларусі і наступныя практычныя крокі, якія могуць вынікаць з яе.

На сустрэчах у МЗС Германіі “асобна закраналіся міграцыйныя пытанні, з якімі сутыкаюцца беларусы Германіі”. Сцвярджаецца, што бакі дамовіліся аб “механізмах рэагавання на праблемы ў канкрэтных выпадках”.

Завяршыўся візіт Кавалеўскага сустрэчай з кіраўніком дэпартамента двухбаковых адносін з краінамі Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёваўсходняй Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Паўднёвага Каўказу канцылярыі канцлера Олафа Шольца Аляксандрам Валаў.

“Германія — адзін з найбольш уплывовых актараў у знешняй палітыцы Еўрасаюза, таму візіты ў Берлін — асабліва важныя. І тут нас вельмі добра прымаюць, гатовыя абмяркоўваць самыя розныя задачы і шукаць да іх новыя рашэнні”, — адзначыў прадстаўнік АПК.

Падзяліцца: