Мінск 19:42

Падпісаны закон, які абмяжоўвае прадпрымальніцкую дзейнасць

Фота: pixabay.com

22 красавіка, Позірк. Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях прадпрымальніцкай дзейнасці, паведамляе яго прэс-служба.

Адзначаецца, што дакумент устанаўлівае “абноўленую архітэктуру прадпрымальніцтва”, што прадугледжвае “дзве катэгорыі, якія займаюцца прадпрымальніцкай дзейнасцю: юрыдычныя і фізічныя асобы”.

Да юрыдычных асоб аднесены малыя арганізацыі з колькасцю працуючых да 100 чалавек, сярэднія — да 250 і буйныя — звыш 250, да фізічных асоб — рамеснікі, уладальнікі аграэкасядзіб, самазанятыя, індывідуальныя прадпрымальнікі.

Віды дзейнасці, якімі змогуць займацца індывідуальныя прадпрымальнікі, будуць вызначаныя ўрадам да 1 ліпеня. Па відах дзейнасці, якія не ўвойдуць у плануемы пералік, з 1 кастрычніка спыняецца рэгістрацыя новых індывідуальных прадпрымальнікаў.

Таксама ўстанаўліваецца абавязак пераходу да 1 студзеня 2026 года дзеючых індывідуальных прадпрымальнікаў у юрыдычныя асобы. Для такіх прадпрымальнікаў ўводзіцца “спрошчаны парадак пераходу ў камерцыйныя арганізацыі з пераемнасцю па ўсіх правах і абавязацельствах перад бюджэтам і контрагентамі”.

Закон прадугледжвае новыя віды фінансавай падтрымкі, у тым ліку пакрыццё з бюджэту часткі капітальных выдаткаў пры рэалізацыі інвестпраектаў з прыцягненнем крэдытаў Банка развіцця.

Прадугледжана права суб’ектаў сярэдняга бізнесу на атрыманне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі, якая была даступная толькі малому бізнесу.

Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 21 сакавіка і ўхвалены Саветам Рэспублікі 10 красавіка.

Раней паведамлялася, што ў пераліку не будзе групавога гандлю, турыстычных і юрыдычных паслуг, арганізацыі і правядзення культурных і забаўляльных мерапрыемстваў, некаторых паслуг у галіне ІТ.

Згодна з падлікамі Мінэканомікі, пасля перагляду відаў дзейнасці колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў можа скараціцца амаль удвая — з 263 да 143,5 тыс., колькасць нанятых у іх работнікаў — з 64,6 да 47,1 тыс.

Задачу мадэрнізаваць фармат працы малога бізнесу паставіў Аляксандр Лукашэнка летась у чэрвені.

У 2022 годзе ён заявіў, што “айцішнікі і іпэшнікі былі ў авангардзе барацьбы ў 2020 годзе”, “вываліліся на вуліцы”.

Падзяліцца: