Мінск 18:29

Мінэнерга вызначыла чатыры раёны для выбару пляцоўкі пахавання радыеактыўных адходаў

БелАЭС
Фота: Мінэнерга

3 траўня, Позірк. Створаная ўрадам дзяржкамісія па выбары пляцоўкі для размяшчэння радыеактыўных адходаў Беларускай АЭС са 118 раёнаў краіны вызначыла чатыры для “далейшых больш глыбокіх даследаванняў”, паведаміў 3 траўня намеснік міністра энергетыкі Дзяніс Мароз.

Чакаецца, што фінальнае рашэнне “будзе прынята да канца гэтага года”, пасля чаго “пройдуць грамадскія абмеркаванні”, гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Мінэнерга.

Паводле сцвярджэння чыноўніка, праведзена “сістэмная і глыбокая работа па даследаванні ўсіх раёнаў краіны на прадмет магчымасці збудавання пункта пахавання”. Пры гэтым, працягнуў ён, улічваліся ўсе аспекты — эканамічныя, сацыяльныя, экалагічныя. “Праца працягваецца. Падыходзіць да канчатковага выбару пляцоўкі, яе праектавання і будаўніцтва неабходна вельмі старанна”, — сказаў Мароз.

26 красавіка начальнік упраўлення па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі Дзяржатамнагляду Дзмітрый Паўлаў заявіў аб неабходнасці вырашыць лёс тэрыторый, дзе знаходзяцца пункты пахавання радыеактыўных адходаў. Ён адзначыў, што цяпер адпрацоўваецца механізм змены падыходаў да гэтых земляў, праца завершыцца праз 2-3 гады.

У гэты ж дзень фізік і эксперт расійскай грамадскай праграмы “Бяспека радыеактыўных адходаў” Андрэй Ажароўскі паведаміў, што стан пунктаў пахавання радыеактыўных адходаў грамадскасці па-ранейшаму невядомы.

Ён адзначыў, што, паводле афіцыйных даных, у Беларусі 86 пунктаў пахавання радыеактыўных адходаў, у той час як, паводле інфармацыі, якая змяшчаецца ў Стратэгіі абыходжання з радыеактыўнымі адходамі, пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС падчас правядзення дэзактывацыйных работ было створана 92 пункты (у Брэсцкай, Гомельскай і Магілёўскай абласцях).

25 сакавіка міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на палях форуму “Атамэкспа” ў Сочы заявіў, што Беларусь ва ўзаемадзеянні з Расіяй будзе ствараць на сваёй тэрыторыі інфраструктуру для пахавання радыеактыўных адходаў.

23 лютага міністр паведаміў, што беларускія ўлады яшчэ не вызначыліся з месцам размяшчэння радыеактыўных адкідаў АЭС у Астраўцы. Паводле яго слоў, першую чаргу пункта пахавання плануецца ўвесці ў эксплуатацыю да 2030 года.

Збудаванне Беларускай АЭС паблізу Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудаваная паводле расійскага праекта, за кошт крэдыту РФ, генеральным падрадчыкам выступіў”Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня 2023-га. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: